Кожны яблычак – у лік кантракта

Важное Эканомiка

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» працягваецца сезон актыўнай нарыхтоўкі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны. Асноўныя яе відыяблыкі, кабачкі, морква, агуркі, капуста.

У гэтым годзе прадпрыемствам плануецца перапрацаваць 1500-1700 тон яблыкаў. Для гэтага ў яго ёсць шматгадовы досвед супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і фермерскімі гаспадаркамі, арганізацыямі спажывецкай кааперацыі з усёй рэспублікі. Кошт яблыкаў на цяперашні момант складае 20 капеек і 24 капейкі за кілаграм (цана для насельніцтва і нарыхтоўшчыкаў адпаведна) з дастаўкай на тэрыторыю прадпрыемства.

– Свежыя яблыкі перапрацоўваюцца ў пюрэ-паўфабрыкат, павідла, сокі і нектары. Пастаўкі гэтай прадукцыі ажыццяўляем як на ўнутраны рынак, так і за яго межы, пераважна – у Расійскую Федэрацыю. На сучасны момант найбольш актуальным з’яўляецца не столькі вырабіць прадукцыю, колькі прадаць яе з найбольшай маржынальнасцю, – заўважае дырэктар філіяла Яраслаў Буйніцкі, – таму пераходзім на працу паводле доўгатэрміновых, буйных кантрактаў. Гэта дае магчымасць планаваць сваю дзейнасць, рацыянальна загружаць вытворчыя магутнасці, аптымізаваць усе тэхналагічныя працэсы і не нарошчваць запасы гатовай прадукцыі.

Пра нарыхтоўкі на філіяле расказаў вядучы інжынер матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Арцём Бурдукевіч:

– Філіял забяспечваюць сельскагаспадарчай сыравінай пастаянныя партнёры – сельгасарганізацыі і фермерскія гаспадаркі рэспублікі. Аднак актыўна развіваем і ўласную сыравінную базу, у прыватнасці, ва УП «ПІК-Лясное» ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» вырошчваем кабачкі, моркву, агуркі, капусту і іншыя віды сыравіны. Выкарыстоўваем яе для выпуску шырокага асартыменту прадукцыі – нектараў, сокаў, саленняў, а таксама традыцыйнай кансервацыі.

Тэхнолаг філіяла Алена Жаўняркевіч дадае, што спецыялістамі прадпрыемства вядзецца пастаянная работа па распрацоўцы і ўкараненні новых відаў прадукцыі, удасканаленні і паляпшэнні яе спажывецкіх якасцяў. Развіваюцца новыя накірункі. Так, асвоены выпуск морквы па-карэйску, сокаў з агародніны  пераважна прамога водціску, прадукцыі для дзіцячага харчавання.

Філіялам асвоены і выпуск фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай прамысловасці. «Якая сыравіна падрыхтавана для гэтай вытворчасці?» – цікавімся ў галоўнага тэхналога Таццяны Паляковай.

– Для вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў выкарыстоўваем як мясцовую ягаду (клубніцы, буякі, чарніцы), так і імпартную сыравіну. Уся яна адпавядае высокім патрабаванням якасці і бяспекі.

…Пакуль мы вялі гутарку, на прадпрыемства працягвала паступаць сыравіна. На выгляд яблыкі прыгожыя, сакавітыя, але аб’ектыўную ацэнку іх якасці дасць вытворчая лабараторыя, куды накіроўваюцца адборы пробаў з кожнай партыі. Відавочна, што Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» – сучаснае прадпрыемства, якое выпускае натуральную, карысную для здароўя прадукцыю. Вытворцы гарантуюць гэта нам, пакупнікам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *