Не выходзь з дому без флікера-талісмана

Ахова правапарадку Важное

Напрыканцы верасня на Стаўбцоўшчыне  прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху, яго дэвіз – «Флікер – мой дарожны талісман».

За восем месяцаў бягучага года на дарогах Мінскай вобласці адбылося па віне пешаходаў 50 дарожна-транспартных здарэнняў, у іх 18 чалавек загінулі і 35 атрымалі траўмы (усяго на Міншчыне з удзелам пешаходаў зарэгістраваны 119 аварый, у якіх 31 чалавек загінуў і 93 – траўміраваны). Па-ранейшаму наезды на пешаходаў застаюцца асноўным відам дарожна-транспартных здарэнняў. Нярэдка пешаходы, якія рухаюцца ў цёмны час сутак, забываюць выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы ці флікеры і, такім чынам, застаюцца малапрыкметнымі.

Згодна з Правіламі дарожнага руху, пешаход, які рухаецца па праезджай частцы ў цёмны час сутак без абазначэння сябе флікерам, можа быць аштрафаваны на суму ад адной да трох базавых велічынь.

Найбольшы ўзровень пешаходнага траўматызму прыходзіцца менавіта на асенне-зімовы перыяд, калі светлавы дзень рэзка змяншаецца. Цяперашняй парой нават раніцай ужо можа быць цёмна, таму лепш не выходзіць з дому без флікера на адзенні, партфелі або сумцы. У выніку праведзенага Дзяржаўтаінспекцыяй следчага эксперымента ўстаноўлена, што ў прыцемках з салона аўтамабіля чалавек у цёмнай вопратцы пры бліжнім святле фараў бачны на адлегласці 25-30 м. Калі ўявіць, што аўтамабіль рухаецца з хуткасцю 60 км/г, то за секунду ён праедзе каля 17 метраў. За гэты час вадзіцель толькі паспее зразумець, што наперадзе ў яго ёсць перашкода. Затармазіць ці ўдала зманеўраваць не заўсёды бывае і магчыма з-за хуткасці, стану дарожнага пакрыцця, наяўнасці іншых перашкод.

Раім пешаходам не супрацьпастаўляць сябе вадзіцелю і ўсвядоміць, што пешаходны пераход – гэта не частка тратуара, а частка дарогі і, адпаведна, – зона павышанай небяспекі. Вадзіцелям рэкамендуем быць больш цярпімымі, «не падразаць» пешаходаў, а прапускаць іх. Калі на дарозе будзе ўзаемаветлівасць і ўзаемаразуменне, то і дарожных здарэнняў будзе менш. Выконвайце Правілы дарожнага руху і беражыце сябе!

Сяргей КАЛОМЕНСКІ, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *