Новае жыццё былога садавіна-агародніннага

Нумары У перапрацоўшчыкаў

Былы садавіна-агароднінны завод, адно са старэйшых прадпрыемстваў нашага райцэнтра, атрымаў новае жыццё. Настолькі новае, што ён на асаблівым рахунку ў нашай краіне як адзінае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай прамысловасці. Гэтым праектам выцеснены стопрацэнтны імпарт – адбыўся пераход на ўласную сыравіну.

Такі эфект мадэрнізацыі завода, які з лістапада 2012 года з’яўляецца філіялам ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”. Аб інавацыйных праектах расказвае ў інтэрв’ю нашай газеце дырэктар  камбіната Міхаіл Крыштаповіч:

– Прадпрыемства было нацэлена на пэўны від прадукцыі, асартымент якой аказаўся незапатрабаваным з распадам былога Саюза – не стала спажыўцоў. Наспела неабходная патрэба ў мадэрнізацыі. У лістападзе 2012 года завод далучаны да Гарадзейскага цукровага камбіната з усімі яго праблемамі – даўгамі, затаваранасцю. Была распрацавана стратэгія далейшага развіцця стаўбцоўскага філіяла нашага камбіната. Адзін з накірункаў – устаноўка лініі па вырабе фруктова-ягадных напаўняльнікаў для ўсіх перапрацоўчых заводаў нашай краіны, якія выпускаюць ёгурты і іншую падобную прадукцыю. Малочная галіна ў нашай краіне дынамічна развіваецца, таму запатрабаванасць прадукцыі нашага філіяла будзе высокай. З тых фруктаў і ягад, якія можна вырасціць у нашай краіне, мы маем магчымасць прапанаваць спажыўцам прадукцыю 12 відаў. Асаблівая ўвага надаецца дзікарослай сыравіне, плануецца адкрыць асобную вытворчую лінію для яе перапрацоўкі.

– Міхаіл Васільевіч, не менш цікавыя і іншыя накірункі работы абноўленага прадпрыемства. У чым тут інавацыі?

– Магчыма гэта здасца парадаксальным, але інавацыі заключаюцца і ў тым, каб аднавіць традыцыйнае старое. Гэта датычыць адпрацаваных рэцэптаў саленняў па-сялянску. Толькі цяпер яны выпускаюцца ў дробнай расфасоўцы – больш прэзентабельныя на рынку і практычныя для карыстання спажыўцоў. Мы адшукалі такі і для кабачковай ікры, якая выдатна экспартуецца ў Расію. Пад назвай “Павятовыя рэцэпты” адгрузілі ўжо пяць 20-тонных аўтамабіляў. Працуе лінія па нарыхтоўцы бярозавага соку. Распрацаваны розныя кампазіцыі на натуральнай аснове, што з’яўляецца адметнасцю і іншых сокаў, нектараў. Брэнд прадпрыемства – “Для сяброў” – выгадна прадстаўляе новыя віды прадукцыі філіяла. На сучасным этапе стаўбцоўскі філіял – гэта далёка ўжо не кансервавы завод. Акрамя рэалізацыі прадукцыі ў гандлёвыя сеткі, мы працуем з хлебапякарнай прамысловасцю. У месяц адгружаецца да 200 тон фруктовых начынак для выпечкі.

– Якія перспектывы прадпрыемства?

– Цяпер у нас працуюць італьянскія спецыялісты, якія адпрацоўваюць тэхналагічныя рэжымы зманціраванай лініі па выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў, навучаюць персанал. Праведзеная мадэрнізацыя прадпрыемства, якая абышлася амаль у 60 мільярдаў рублёў, дазволіла увасобіць усе праекты. Думаю, што да канца года мы зможам вывесці прадпрыемства на прыбытковую работу.

З усяго сказанага вынікае, што ў прадпрыемства выдатныя перспектывы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: агульныя задачы ў дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча і старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам» Аляксандра Забелы; на вытворчых лініях завода.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *