І дождж не спужаў

Важное Спорт Стаўбцоўшчына спартыўная

Традыцыйна напрыканцы верасня аматараў здаровага ладу жыцця паклікаў раённы велапрабег, прысвечаны Дню турызму.

Падрыхтоўка была грунтоўнай

Не спужаў і дождж, які потым абрынуўся навальніцай. Па гэтай прычыне прыйшлося крыху скараціць маршрут, з 43-х да 30 кіламетраў, аднак з яго ніхто не сышоў.

З раніцы ў Стоўбцах, на заўсёдным месцы збору, сабралася каля трох дзясяткаў заўзятараў веласіпедных падарожжаў. Сярод іх і старажылы (а гэта быў ужо восьмы раённы велапрабег), і навічкі. Як заўсёды, з ахвотай адгукнуліся на запрашэнне сямейныя пары.

Прывітаў усіх Мікалай Мазур, намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Стаўбцоўскага раёна і, дарэчы, адзін з тых, хто пачынаў гісторыю раённых велапрабегаў. Пасля інструктажу, праведзенага старшым інспектарам аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрыем Яўсейчыкам, рушылі ў дарогу ў суправаджэнні машын ДАІ і хуткай дапамогі.

Удзельнікі велапрабегу па маршруце

Са Стоўбцаў – у Дразды, далей – Ператокі, Скамарошкі, Залужжа… У Залужскай школе быў зроблены першы прыпынак. Удзельнікаў велапрабегу сустрэлі дырэктар школы Марына Кандраціна і настаўнік рускай мовы і літаратуры Наталля Валента, якія запрасілі ў школьны краязнаўчы музей. Музей багаты сваімі артэфактамі (з 2015 года ён носіць званне народнага), таму экскурсія атрымалася цікавай і запамінальнай.

З Залужжа маршрут пралёг у Вечатарова, Жацерава. У сталовай ААТ «Жацерава» чакаў гарачы абед, за што вялікая ўдзячнасць дырэктару гаспадаркі Аляксандру Дударэвічу і загадчыку сталовай Ірыне Ермаковай. Пакуль веласіпедысты саграваліся і адпачывалі за кубачкам чаю, дождж узмацніўся, таму было прынята рашэнне змяніць маршрут. З Жацерава выехалі на аўтадарогу Р2, адкуль калона ўзяла прамы кірунак на Стоўбцы.

– Удзельнікі велапрабегу аказаліся вытрыманымі і падрыхтаванымі да цяжкасцяў. Большасць узяла дажджавікі. Не зважаючы на надвор’е, ехалі з усмешкамі. «Дапамогу ў арганізацыі велапрабегу нам аказаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Стаўбцоўскага раёна (дырэктар – Дзмітрый Сцепанюк)», – зазначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская.

З улікам неспрыяльнага надвор’я арганізатары хваляваліся за кожнага ўдзельніка, але ўсе яны, асабліва дзяўчаты, аказаліся малайцамі. Цяпер чакаюць працягу велапрабегу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *