Стаўбцоўская ЦРБ зноў сярод пераможцаў. На гэты раз медыкі прымалі ўдзел у другім адкрытым конкурсе-спаборніцтве брыгад хуткай медыцынскай дапамогі Мінскай вобласці, які праходзіў у Заслаўі. Яны занялі другое прызавое месца.
Наш раён прадстаўляла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі ў складзе ўрача Івана Скотчанкі, двух фельдшараў Алены Агароднік і Вольгі Свінчук і вадзіцеля Генадзія Пархімовіча. Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Стаўбцоўскай ЦРБ Людміла Някрылава зазначае: «Наша брыгада працавала зладжана, прафесійна і граматна. Усе заданні былі даволі складаныя. Працаваць трэба было аператыўна, але наша брыгада выконвала ўсё ў поўным аб’ёме». Заданняў было некалькі, і кожнае звязана з аказаннем экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі. На кожны іспыт было па тры суддзі, якія ацэньвалі ўсю працу брыгад: час рэгістрацыі, час прыезду на выклік, колькасць затрачанага часу і, вядома, якасць працы.
«Нашы медыкі з усім справіліся, і гэта вельмі прыемна. Яны валодаюць усімі навыкамі. Гэта іх штодзённая праца, і заданні былі звязаны з прафесійнай дзейнасцю. Аднак яны ўсё роўна рыхтаваліся і стараліся перамагчы», – дадае напрыканцы Людміла Някрылава.
Ксенія РУБІН