Мама – гэта і ёсць сэрца

Главное

Напярэдадні свята – Дня маці – з фотаапаратам і дыктафонам журналіст выйшла на вуліцы горада і прапанавала прахожым выказаць свае адносіны да гэтага свята і свае пачуцці да роднай матулі. Было прыемна, што ніхто не адмовіўся паўдзельнічаць у такім апытванні, і атрымалася ода маці.

Цімур САВІНЫХ:

– Для мяне пытанне, якое датычыць мамы, заўсёды важнае. Гэта чалавек, хто мне даў жыццё, хто ўзяў цяжар па маім выхаванні. Мой тата быў ваеннаслужачым, знаходзіўся пастаянна ў камандзіроўках, і мама раздзялала ўвесь цяжар службы ў складаных забайкальскіх умовах, дзе я і нарадзіўся. У нашай сям’і чацвёра дзяцей, я самы старэйшы. На сучасны момант мама жыве ў сваёй роднай сястры ў Германіі. Мы пад-трымліваем з ёю цесную сувязь, яна піша мне пісьмы, часта прыязджае. Мама застаецца малажавай, стройнай, прыгожай, актыўнай. Яе завуць Таццяна Барысаўна. Я хацеў бы быць падобным да яе ў  настойлівасці, цярпенні, уменні выжываць у складаных жыццёвых умовах.

Яніна ДРОЗД:

– Маёй мамы не стала, калі мне было сем гадоў, а самаму малодшаму з пецярых дзяцей было толькі тры месяцы. Ён гадаваўся ў Доме дзіцяці, і ўсе мы былі раскіданыя. Мяне ўзялі ў сваю сям’ю родзічы па лініі таты.Усе пяцёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Мы падтрымліваем цесныя сувязі з сёстрамі, двух братоў ужо няма побач. Наша сям’я жыла ў Падгорным, мама – Францішка – была веруючым чалавекам. Мне запомнілася, як яна вучыла мяне вязаць, малітвам. Дзень маці ў нашай сям’і шануецца. Мае дзеці – два сыны, іх сем’і – заўсёды саграваюць мяне любоўю, удзячнымі словамі і цяплом віншаванняў.

Ігар ВАБІШЧЭВІЧ:

– Мая мама цяпер знаходзіцца ў адпачынку  па доглядзе за маленькай сястрычкай. У нас у сям’і яшчэ трое хлопчыкаў, я малодшы з братоў. У такой вялікай сям’і ў мамы заўсёды шмат спраў. Мы стараемся быць паслухмянымі, каб захаваць у мамы добры настрой, сілы для яе дамашніх клопатаў. Дапамагаем ёй. Мая мама – повар па прафесіі, таму вельмі смачна нас корміць, за што мы ёй удзячныя. Я бягу дамоў са школы з думкамі, што мяне сустрэне мама, паставіць на стол апетытныя стравы. Мая мама прыгожая, добрая, мілая. Яна заўсёды  прыйдзе на дапамогу, у яе на ўсіх хапае сіл і любові.У Дзень маці я прачнуся, падыду да сваёй мамачкі, абдыму яе і скажу ёй, як я яе моцна люблю.

Наталля ТУМІЛОВІЧ:

– Мая мама Люцыя Канстанцінаўна Суднік – медык з вялікім стажам работы. Яна каля 30 гадоў адпрацавала ў аддзяленні рэанімацыі райбальніцы, а цяпер на пасадзе медсястры абслугоўвае пажылых людзей у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце. Мама – гэта святло ў нашым жыцці, мама – гэта і ёсць сэрца. У Дзень маці з кветкамі і падарункамі мы заўсёды прыходзім павіншаваць маму. Віншуем яе ад імя майго брата, які жыве ў іншай краіне. Мы разам п’ём чай. Па традыцыі мама для нас рыхтуе у духоўцы запечаную курыцу, мы так любім гэтую яе фірменную страву. І ў доме пахне дзяцінствам. Пакуль жывыя бацькі, мы застаёмся дзецьмі.

Галіна КАРПОВІЧ:

– Дзень маці – гэта вельмі важнае свята. Мама – самы важны чалавек у нашым жыцці, мама – гэта святое. Нават калі ў кагосьці няма мамы, усе хочуць, каб яна была. Гэта асабліва адчуваецца ў сардэчных жаданнях дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных умовах. Можа не быць таты, але мама павінна быць, і тады чалавек абаронены ад усіх стыхій свету. Мая мама носіць прыгожае імя – Любоў. Мае бацькі жывуць у Жодзіне, там прайшло маё дзяцінства. Мама працуе швачкай. У яе залатыя рукі. Я трапіла на работу ў Стаўбцоўскую райбальніцу маркетолагам. У Дзень маці я стараюся паехаць да мамы, а калі не атрымліваецца – патэлефанаваць ёй, павіншаваць, сагрэць сваімі пачуццямі, удзячнасцю.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *