Сёлета Аляксандр Нічыпаровіч адзначае 20-годдзе кіраўніцтва аркестрамі «Віціны» і ўзорным «Васількі»

Главное Культура

image_pdfimage_print

Пачаўся новы навучальны год у Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. На аддзяленні духавых і ўдарных інструментаў займаецца 125 дзяцей рознага ўзросту.


Яны маюць магчымасць па сваім выбары іграць на трубе, саксафоне, флейце, барытоне, трамбоне, эўфоніуме, валторне, ударных інструментах, а з гэтага навучальнага года і на фагоце. Выкладае па гэтым класе малады спецыяліст Усевалад Лушчык. Калектыў аддзялення духавых інструментаў папоўніўся і яшчэ адным маладым спецыялістам – выпускніцай Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі Аляксандрай Булдык, педагогам па саксафоне.
Нагодай для інтэрв’ю з загадчыкам гэтага аддзялення, мастацкім кіраўніком і дырыжорам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь духавога аркестра «Віціны» стаў не толькі пачатак навучальнага года, але і асабістыя юбілейныя даты ў прафесіянальнай дзейнасці Аляксандра Нічыпаровіча – 20-годдзе кіраўніцтва аркестрамі «Віціны» і ўзорным «Васількі», які цяпер перададзены Раману Бецю.

– Аляксандр Анатольевіч, можна сказаць, што для аддзялення духавых і ўдарных інструментаў цяпер – залаты час?

– Думаю, што апраўдана будзе так сказаць. Ужо на працягу пяці апошніх гадоў на аддзяленні займаецца не менш за 125 чалавек. Склаўся выдатны настаўніцкі састаў. Вучні маюць магчымасць не толькі асвоіць ігру на музычных інструментах, але і ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, іграць у дзіцячым, маладзёжным складзе духавога аркестра. Аркестр ажыццяўляе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. Калі скіраваць увагу на хроніку апошніх месяцаў, то можна адзначыць важныя перамогі ў прэстыжных конкурсах не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Аркестр «Віціны» школы мастацтваў і духавы аркестр «Няшота» раённага Цэнтра культуры (кіраўнік Уладзімір Сошка) прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе духавой музыкі «Спадчына» ў Заслаўлі. «Віцінам» дастаўся гран-пры конкурсу, аркестру «Няшота» – лаўрэацкі дыплом І ступені. У рамках гэтага мерапрыемства быў праведзены і сольны конкурс, 12 нашых выхаванцаў сталі лаўрэатамі. У конкурсе духавых аркестраў Міншчыны «Майскі вальс» аркестр «Віціны» ўдастоены лаўрэцкага дыплома І ступені. Насычанай была праграма гастрольных паездак духавога аркестра ў час летніх канікул. Узорны духавы аркестр «Васількі» пад кіраўніцтвам Рамана Беця прыняў удзел у Міжнародным конкурсе духавых аркестраў «Кубак Масковіі» і атрымаў лаўрэацкі дыплом ІІ ступені. Сярод удзельнікаў конкурсу гэта быў аркестр, дзе самы малодшы склад – дзеці 10-14 гадоў. У чэрвені маладзёжны склад аркестра «Віціны» паспяхова выступіў ў Міжнародным фестывалі ў Германіі ў паўночна-ўсходнім горадзе Вік і стаў лаўрэатам І ступені. Напрыканцы чэрвеня мы прынялі ўдзел у ХХІІІ Міжнародным конкурсе духавых аркестраў і ў VІ конкурсе інструменталістаў у польскім горадзе Лобез. Гэты горад стаў для нас, можна сказаць, пабрацімам, таму што на працягу многіх гадоў ажыццяўляюцца сумесныя маладзёжныя культурныя праекты. На гэтым конкурсе аркестр «Віціны» ўдастоены гран-пры, а 9 нашых салістаў атрымалі лаўрэацкія дыпломы. Вельмі насычаная праграма выступлення была ў ліпені. Зводны аркестр у складзе ўдзельнікаў «Віцін» і духавога аркестра г. Лобез прыняў удзел у фестывалі духавых аркестраў «Фанфары Палесся», які адбыўся ў Пінску. Калектыў выдатна выступіў у марш-парадзе духавых аркестраў і даў выступленне ў кафедральным касцёле. Мы былі запрошаны на прыём біскупам Антоніем Дзям’янкам, нашым земляком, які даў высокую ацэнку творчасці духавога аркестра.
У жніўні быў ажыццёўлены маштабны музычны праект, які рыхтаваўся каля двух гадоў, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі. У ім былі задзейнічаны тры аркестры – з Германіі, Польшчы і наш «Віціны». Мы далі канцэрты ў Польшчы – у Лобезе і прыгарадзе Шчэціна. У рэпертуары ўпершыню гучалі творы Станіслава Манюшкі, перапрацаваныя для духавога аркестра. У фестывалі прынялі ўдзел аранжыроўшчыкі з розных краін. У гэтай вялікай працы задзейнічаны 6 прафесараў музыкі, у тым ліку і нашы беларускія Міхаіл Берсан і Аляксандр Крамко.
Напрыканцы верасня наш аркестр у поўным складзе разам з узорным ансамблем мажарэтак «Феерыя» пад кіраўніцтвам Кацярыны Жук прыняў удзел у Міжнародным конкурсе «Бессмяротны аркестр», які прайшоў у Калінінградзе і быў прысвечаны юбілейнай даце вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікую падтрымку ў прадастаўленні транспарту для паездкі аказаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Гэта было маштабнае мерапрыемства з удзелам аркестраў з многіх краін. У нашай групе нам давялося спаборнічаць з такімі масцітымі калектывамі, як духавы аркестр Акадэміі музыкі з Санкт-Пецярбурга, і іншымі прафесіянальнымі калектывамі, таму ўзнагарода – лаўрэацкі дыплом ІІІ ступені – для нас вялікі поспех. Мы атрымалі гран-пры ў намінацыі дэфіле-шоу, за што хачу выказаць вялікую ўдзячнасць ансамблю мажарэтак, які з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем нашага духавога аркестра і дапамагае выконваць складаныя музычныя кампазіцыі. Такія поспехі аркестра – сумесная праца нашых выкладчыкаў. Вялікі ўклад у развіццё аркестра, у падрыхтоўку вучняў уносяць Уладзімір Татарыцкі, Уладзімір Сошка, Раман Бець, Дзмітрый Вяршэня, Сяргей Лубчонак, нашы маладыя таленавітыя настаўнікі Інга Мелістфер, Арцём Варанко, Аляксандр Лях, Аляксей Жывіцкі, Валянціна Ляхоўская. Хачу адзначыць нашых юных салістаў, якія неаднаразова прывозілі лаўрэацкія дыпломы з конкурсаў – Мацвей Пракаповіч, Ян Пракаповіч, Ілля Янюк, Мілана Гаптар, Мацвей Кобрык, Арцём Маскаленчык, Назар Папкоўскі, Павел Ажгірэвіч, Уладзіслаў Прыбытка, Ганна Булаш і іншыя.

– Аляксандр Анатольевіч, калі падвесці рысу пад гэтымі 20-цю гадамі дзейнасці аркестра, то якія вехі вы б адзначылі як самыя важкія?

– Пяць разоў аркестр атрымліваў спецыяльную прэзідэнцкую прэмію па падтрымцы таленавітай моладзі, аркестр – уладальнік двух прэзідэнцкіх грантаў і мноства лаўрэацкіх дыпломаў і гран-пры на розных абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. У аркестра шмат планаў, задум, праектаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *