«Зялёная» энергетыка: цяпло з нетраў зямлі

Інвестпраект Нумары

СТАА “Фрэор-Рэфрыгерайшн” прыцягвае сёння ўвагу сярод іншых аб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі нашага раёна, не толькі як буйнейшы замежны інвестар, прадпрыемства, прадукцыя якога – халадзільныя вітрыны – рэалізуецца за межамі нашай рэспублікі, але і як інаватар у прымяненні самых сучасных энергазберагальных тэхналогій і вытворца энергазберагальнага абсталявання. Менавіта гэта і стала прадметам нашай размовы з дырэктарам СТАА “Фрэор-Рэфрыгерайшн” Юрыем Звыцэвічам.

– Юрый Зянонавіч, яркім уражаннем засталіся прэзентацыя вашага новага завода і рэакцыя яе ўдзельнікаў на сістэму ацяплення без выкарыстання прыроднага газу, дроў ці іншага віду паліва. У чым жа сутнасць выкарыстання прыроднай энергіі?

– Наш завод ацяпляецца з дапамогай гідрамерных цеплавых помпаў, якія выкарыстоўваюць толькі цяпло зямлі. Сістэме дастаткова запампаваць з нетраў зямлі вадкасць тэмпературай каля шасці градусаў, а спецыяльныя цеплавыя помпы здольныя забраць у яе энергію і нагрэць ваду ў сістэме ацяплення да 50-60 градусаў. Вада з нетраў зямлі ахалоджваецца на некалькі градусаў, а вызваленая пры гэтым энергія выкарыстоўваецца для ацяплення памяшкання ці падагрэву вады. Пры тлумачэнні прынцыпу работы цеплавых помпаў, эксперты часта выкарыстоўваюць выраз “халадзільнік наадварот”. У нас выкарыстоўваюцца 10 свідравін глыбінёю па 100 метраў. Сістэма ўяўляе сабою замкнуты цыкл, у зямлю нічога не ўкладваецца, і нічога з яе не бярэцца. Адбываецца цыркуляцыя вадкасці – халодная вада апускаецца ў зямлю і вяртаецца з больш высокай тэмпературай. Эфектыўнасць сістэмы залежыць ад таго, наколькі дакладна ўсё збалансавана. Для работы абсталявання ацяпляльнай сістэмы выкарыстоўваецца электраэнергія. Вытворчае памяшканне цэха плошчай пяць тысяч квадратных метраў ацяпляецца дзвюма ўстаноўкамі агульнай сумарнай магутнасцю 100 кілават.

– Ацяпляльны сезон завяршыўся. Як вы ацанілі на ўласным вопыце работу геатэрмальнай сістэмы?

– Ужо за першую зіму нам удалося шмат сэканоміць. У параўнанні з расходамі на газ пры сённяшніх цэнах у аналагічных умовах затраты ў тры-чатыры разы меншыя. Устаноўка не патрабуе ніякага штодзённага кіравання, прысутнасці аператара. Выкарыстанне адноўленых крыніц энергіі ў “зялёнай” энергетыцы мае не толькі важкія эканамічныя, але і экалагічныя стымулы. Геатэрмічная сістэма не мае ніякіх выкідаў у атмасферу як ад спальвання цвёрдага паліва ці газу. Не губляецца ніводзін кілават цяпла, усё цалкам перапрацоўваецца. Затратная частка па інвестыцыях для ўстаноўкі геатэрмальнай сітэмы высокая. Аднак прагназуемы рост цэн на электраэнергію і на газ прыблізяць сабекошт атрымання энергіі ад газу да тых інвестыцый, якія мы цяпер вымушаны рабіць у выпадку з гідрамальнымі цеплавымі помпамі. Яшчэ адзін важны для нас момант. Мы ўклаліся ў мінімальна кароткія тэрміны па будаўніцтве завода, таму што праектаванне сістэм геатэрмальнага ацяплення заняло невымерна менш часу, чым праектаванне газаправода. Спатрэбілася б два-тры гады толькі на ўзгадненні. Мы ж пабудавалі завод за 12 месяцаў, уключаючы праектаванне. Усе інжынерныя сістэмы мы практычна ўзвялі самі.

– Юрый Зянонавіч, варта сказаць пра прызначэнне гэтай сістэмы летам.

– У нас усё завязана ў адзіную сістэму. Тое абсталяванне, якое выдзяляе цяпло, можа выдзяляць і холад. Інжынерныя і інфраструктурныя сістэмы працуюць як звенні аднаго ланцуга. Пры прымяненні ўсіх сістэм рэкуперацыі атрымаецца каласальны эфект. Летам геатэрмічная сістэма будзе выконваць ролю кандыцыянера – ахалоджваць вытворчыя памяшканні. Паветраныя генератары будуць не грэць паветра, як зімою, а ахалоджваць яго. І гэта вельмі важны момант, таму што ў вытворчых цэхах вялікая праблема стварыць камфортную тэмпературу, калі на вуліцы спякота. Станкі, вытворчыя працэсы таксама выдзяляюць цяпло. Сістэмы кандыцыянераў спыжываюць вялікую колькасць электраэнергіі. У нас жа гэта будзе адбывацца за кошт грунтовых вод у выніку іх цыркуляцыі. Гэта таксама дасць вялікую эканомію.

– Навукова-тэхнічны прагрэс настолькі хуткабежны, што спыняцца на дасягнутым не прыходзіцца. Чым цяпер “заняты” галовы вашых спецыялістаў?

– Выкарыстанне прыроднай энергіі – цікавы для нас вопыт. Мы цяпер сур’ёзна абдумваем вытворчасць  цеплавых помпаў у прамысловым маштабе на базе нашага прадпрыемства. ХХІ стагоддзе – век высокіх тэхналогій не толькі ў галіне камп’ютарнай тэхнікі, але і інжынерных сістэм. Геатэрмальная тэхналогія перспектыўная. Яна можа быць на 100 працэнтаў аўтаномная, калі яшчэ атрымаць танную альтэрнатыўную электраэнергію ад ветраной ці сонечнай электрастанцыі і быць незалежнымі ад знешніх крыніц. Сонца – гэта крыніца энергіі дарэмная, невычарпальная і неабмежаваная. Толькі трэба навучыцца выкарыстоўваць гэтую энергію. Ёсць сусветны вопыт. Напрыклад, у многіх краінах ветракі сталі часткай мясцовага пейзажу.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *