Павага да старэйшага пакалення

Адукацыя Важное

Адным з галоўных запаветаў беларускай народнай педагогікі з’яўляецца павага, шанаванне, клопат, любоў да пажылых людзей. Асаблівай павагай у беларусаў карыстаюцца бабуля і дзядуля. Яны – мудрыя дарадцы, настаўнікі, выхавальнікі, іх павучанні, наказы, настаўленні помняцца з маленства.

Цікавы занятак разам з бабуляй. На здымку Святлана Яфімаўна Валерштэйн і Ксенія Бондарава

Часцей за ўсё нашы дзеці аддадзеныя менавіта ў рукі бабуль, якія і нясуць доблесна гэты нялёгкі, але святы крыж у свае ўжо немаладыя гады. Яны не наракаюць на сваё жыццё і не лічаць, што самастойныя дзеці павінны самі вырашаць свае праблемы, а не перадаваць  іх на  старэйшых членаў сям’і. Больш таго, усяляк апраўдваюць маладых бацькоў: «Бо яны  маладыя! Ім хочацца пагуляць! Хто ж, калі не мы!?» Нават народная мудрасць абвяшчае: «Першае дзіця – апошняя цацка, а ўнук – першае дзіця». Усім нам трэба проста радавацца і шанаваць, што ў большасці нашых хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць бабулі. Яны бескарысліва любяць унукаў, даюць тое, што бацькі па маладосці, у поспеху жыцця парой забываюць даць: душэўнай пяшчоты, цеплыні, увагі, цярпенне.

З самага дзяцінства нас навучаюць ласкавыя, беззапаветна любячыя бабулі. Яны чытаюць нам казкі, спяваюць калыханкі, распавядаюць павучальныя гісторыі са свайго жыцця. Бабулі і дзядулі заўсёды з нецярпеннем чакаюць прыезду сваіх унукаў, дзеляцца з імі самым патаемным, раяцца. Пажылыя заўсёды чакаюць ад маладых разумення, цёплага погляду, сардэчнай гутаркі.

Старасць з дзяцінства трэба паважаць. Вучыцца не крыўдзіць старэйшых прадстаўнікоў свайго роду, не засмучаць, дарыць бабулям цеплыню і радасць. Маладосць павінна вучыцца быць паблажлівай да старасці. Нам неабходна актыўна выкарыстоўваць досвед нашых бабуль. Мы павінны захоўваць да канца жыцця іх запаветы, запамінаць мудрыя словы. Нам разам трэба зрабіць усё магчымае, каб запаветныя пасланні нашых бабуль сталі адной з самых дарагіх сямейных рэліквій.

У дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы» кожны год стала традыцыяй праводзіць святы з уделам бабуль і дзядуль. Мэтай мерапрыемстваў з’яўляецца выхаванне ў дзяцей уважлівых, клапатлівых адносін да самых дарагіх нам людзей, стварэнне цёплай атмасферы і актыўнай рэалізацыі дзецьмі творчых праяўленняў. Выхаванцы заўсёды рыхтуюцца вельмі дасканала, вучаць песні, вершы, танцы. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць гарманічнаму развіццю дзяцей і згуртаванню сям’і. Выхаванцы павінны ганарыцца сваёй сям’ёй і сваімі блізкімі.

Алена Жук,  сацыяльны педагог ДУА «Яслі-сад № 5 г. Стоўбцы»

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *