Такія святы для адораных дзяцей у нашым горадзе праводзяцца кожны год. І кожны год — пад Новы год і Ражджаство. Зразумела, што яны не абыходзяцца без падарункаў, казачных прадстаўленняў, прыгажуні-ёлкі і святочнага настрою.
Сёлета на ўрачыстасць было запрошана больш за 300 вучняў школ раёна — пераможцаў інтэлектуальных, мастацкіх, навукова-даследчых, спартыўных і розных іншых спаборніцтваў, конкурсаў, фестываляў. У нашым раёне надаецца вялікая ўвага падтрымцы таленавітай моладзі, рэалізуецца раённая мэтавая праграма. Раённыя ўлады і кіраўніцтва аддзела адукацыі ўпэўнены, што знаходзіць таленты патрэбна з дзяцінства. Менавіта ў малых дзецях фарміруецца наша будучае. У рамках гэтай праграмы ажыццяўляецца падтрымка і педагогаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі.
Прывітаць вучняў, падзякаваць ім за тое, што яны фарміруюць інтэлектуальны, спартыўны, творчы патэнцыял Стаўбцоўшчыны, прыйшлі на свята ў раёны Цэнтр культуры намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Юрый Ларычэў. За сродкі мясцовага бюджэту вучні атрымалі салодкія падарункі і грашовыя прэміі.
Прыгожае навагодняе прадстаўленне для іх падрыхтавалі і паказалі педагагічныя работнікі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і школ раёна. У гэты святочны дзень выступілі таксама дзіцячыя танцавальныя і вакальныя калектывы.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ