На зямлі працаваць – самасцвярджацца

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Чым зацікавіць маладыя кадры, каб яны заставаліся ў сельскай гаспадарцы? З каго ім браць прыклад? І чаго можна дасягнуць ужо ў 25-30 гадоў?

На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі ІХ Мінскага абласнога форуму маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, які прайшоў на Стаўбцоўшчыне пад эгідай Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Прадстаўнікі моладзі Стаўбцоўшчыны на абласным форуме маладых спецыялістаў АПК (злева направа): Аляксандр Жыбуль, Хрысціна Навасельцава і Сяргей Стралкоўскі

Праграма форуму была разлічана на два дні. У першы дзень у актавай зале дзіцячага аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі прайшлі пленарнае пасяджэнне і круглы стол, затым – вечар знаёмстваў з культурна-забаўляльнай праграмай. У другі дзень для моладзі была арганізавана экскурсія ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж».

Першае месца працы – стартавая пляцоўка

Адкрыў форум старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Прывітаў маладых спецыялістаў Мінскай вобласці старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень. Аграрый па адукацыі, ён шмат чаго здолеў дасягнуць за адносна кароткі перыяд працоўнай дзейнасці. Размеркаваўся на Стаўбцоўшчыну, малую радзіму, працаваў галоўным інжынерам, потым – старшынёй ААТ «Рубяжэвічы». У 30-гадовым узросце ўзначаліў упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання ў Мядзельскім райвыканкаме, у 35 – Стаўбцоўскі райвыканкам.

У зале сярод маладых спецыялістаў прысутнічалі і трое прадстаўнікоў Стаўбцоўшчыны. Аляксандр Жыбуль працуе галоўным інжынерам-энергетыкам у ААТ «Каганец», Хрысціна Навасельцава – інжынерам па эксплуатацыі МТП у ААТ «Вішнявецкі-агра», а Сяргей Стралкоўскі – інжынерам у ААТ «Рубяжэвічы». Паўгода таму Сяргей пераразмеркаваўся з Віцебшчыны. Яму ёсць з чым параўноўваць, ён задаволены, што працуе ў ААТ «Рубяжэвічы», тым больш, што жыве ў вёсцы Гнецькі з бацькамі. Аляксандр і Хрысціна – аднакурснікі па БДАТУ, закончылі адзін і той жа, аграэнергетычны, факультэт. Маладыя людзі расказалі пра цёплы прыём і добразычлівыя адносіны ў сваіх калектывах.

Усе тры вышэй названыя гаспадаркі раёна – і не толькі яны – маюць стабільныя паказчыкі і, адпаведна, перспектыву, таму з’яўляюцца для маладых спецыялістаў добрай стартавай пляцоўкай. На Стаўбцоўшчыне, як зазначыў Дзяніс Колясень, сёння ёсць гаспадаркі высокатэхналагічныя і дзе можна зарабіць 1000-1500 рублёў. Маладым спецыялістам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, матываваным і патрабавальным, давяраюць узначальваць гаспадаркі. Прыклад таму – Карына Аруцюнян, якая ў свае 26 стала кіраўніком СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Карына як малады кіраўнік была запрошана на форум і падзялілася сваімі думкамі падчас круглага стала.

Стымулюючыя меры і чалавечы фактар

Сярод актуальных задач прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК – садзейнічанне ў вырашэнні кадравай праблемы, у прыватнасці, замацаванні маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы.

Не сакрэт, што каля 60 працэнтаў моладзі пасля так званай адпрацоўкі вяртаюцца ў гарады і знаходзяць сабе прымяненне не па спецыяльнасці. На гэты выбар уплывае шмат фактараў, у першую чаргу невысокі памер заработнай платы ў сельскай гаспадарцы, яе спецыфіка, а гэта ненарміраваны рабочы дзень. А калі яшчэ нявырашанасць жыллёвага пытання, адсутнасць умоў для адпачынку і культурнага правядзення часу. Лёгкага хлеба сёння няма нідзе, і «пустую» заработную плату не плаціць ніхто. Для гэтага трэба мець надоі і прывагі, стварыць кармавую базу, вырасціць і сабраць ураджай… Усё гэта важна, аднак ці не на першае месца ў замацаванні маладога спецыяліста выходзіць чалавечы фактар, а менавіта зацікаўленасць у яго лёсе кіраўніцтва гаспадаркі, прафкама? Усё пачынаецца з павагі, падтрымкі, узаемаразумення.

Маладым спецыялістам была дадзена інфармацыя пра стымулюючыя меры і кадравую палітыку ў аграпрамысловым комплексе Мінскай вобласці (намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Наталія Лістапад), акрэслены актуальныя пытанні прававой і сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў (галоўны прававы інспектар працы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Логвінец), арганізацыі бяспечных умоў працы ў сельгасарганізацыях (галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Мотуз).

На сустрэчу былі запрошаны выканаўчы дырэктар Мінскага абласнога аграпрамысловага саюза Генрых Місюк, прафесар кафедры псіхалогіі і педагогікі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Васіль Голубеў, выступленне якога было прысвечана важным псіхалагічным момантам у працоўнай дзейнасці – эмацыянальнаму выгаранню і стрэсам, а таксама першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Кірыл Шык. Маладзёжны лідар прэзентаваў найбольш значныя праекты БРСМ, заклікаў не стаяць у баку ад грамадскага жыцця ў сваім калектыве, раёне.

Сёння ў маладых спецыялістаў ёсць самае галоўнае – маладосць і здароўе, таму варта самасцвярджацца, а не шукаць ідэальных умоў, даказваць сабе і іншым, што пры жаданні можна многае змяніць вакол сябе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *