Свята вуліцы  прайшло ў Новым Свержані

Важное Год малой родины

На вуліцы Школьнай, дзе дзіцячы садок

Мы ўжо прывыклі да таго, што на Стаўбцоўшчыне ладзяцца святы вёсак (іх за апошнія гады было амаль 60). Аднак у мінулую суботу прайшло свята вуліцы ў Новым Свержані, дзе пражывае амаль дзве тысячы чалавек. Сімвалічна, што першай вуліцай, куды завітала свята, стала вуліца Школьная.

Свята на вуліцы Школьнай

Яе сёння не пазнаць – з новым дарожным пакрыццём, якое выканалі работнікі Стаўбцоўскага АКС. Электразабеспячэнне на гэтай і іншых вуліцах пасля праведзенай энергетыкамі маштабнай рэканструкцыі адпавядае самым сучасным патрабаванням. Папрыгажэлі і расквеціліся падворкі, што, дарэчы, адгукнулася цяжкасцямі ў вызначэнні пераможцаў агляду-конкурсу. На свята сабраліся не толькі жыхары гэтай вуліцы, а і суседніх, якіх у Новым Свержані багата. Вітаючы ўсіх, старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан адказаў на пытанне, якое хвалявала многіх:

– Чаму свята менавіта на вуліцы Школьнай, а не на якой іншай? Таму што на гэтай вуліцы знаходзіцца дзіцячы яслі-сад, куды мы прыводзім сваіх дзетак, унукаў. Яны – наша будучае. Няхай пачатак будзе сімвалічным. У наступныя гады будуць святы і на іншых вуліцах. Спадзяюся, што мы разам працягнем іх добраўпарадкаванне.

Дзіцячы яслі-сад падрыхтаваў творчую справаздачу

У Новым Свержані ўмеюць ладзіць розныя святы (сведчаннем таму – маштабная падзея, 585-гадовы юбілей вёскі ў 2013 годзе), таму свята вуліцы Школьнай атрымалася на славу.

Пачалося яно з вулічнага шэсця. Гасцінныя гаспадары падрыхтавалі каля дзясятка сталоў з рознымі пачастункамі. Не застаўся ў баку ад свята і дзіцячы яслі-сад, сімвал вуліцы Школьнай. Работнікі дашкольнай установы адукацыі на чале з Ірынай Супрун падрыхтавалі выстаўку творчых работ сваіх выхаванцаў і іх бацькоў. Побач з дзіцячым яслі-садам размешчана аддзяленне паштовай сувязі, і яго прадставіла начальнік Жанна Жыбуль. Тарцавая частка будынка Навасвержанскага сельвыканкама таксама знаходзіцца на вуліцы Школьнай, таму прыпынак быў зроблены і тут. У двары сельвыканкама ўстаноўлены помнік загінулым землякам. Ад мясцовага жыхара Аляксея Палянскага, які займаецца вывучэннем гісторыі Новага Свержаня, паступіла прапанова ўвекавечыць на помніку імёны герояў.

Гісторыя вуліцы

Вуліца Школьная ў старажытным Новым Свержані адносна маладая. Да 1945 года на гэтым месцы былі ворныя ўчасткі жыхароў. З утварэннем у 1903 годзе навасвержанскага тартака заснавальнікі лесазавода, а пазней фірмы Амерыка – Еўропа, якая набыла завод, сталі скупляць гэтыя землі.

Пасля вайны ў Новы Свержань ехалі на працу на лесазавод з розных мясцін, у тым ліку і дэмабілізаваныя воіны. Тады і была намечана для забудовы новая вуліца.

Сваю назву Школьная яна атрымала таму, што пачыналася ад вуліцы Стаўбцоўскай, дзе да вайны стаяла сямігадовая школа. Немцы ператварылі яе ў дом адпачынку для нямецкіх лётчыкаў. Увосень 1943 года падпольшчыкі падарвалі гэты дом разам з 26 варожымі лётчыкамі. На чале аперацыі была Зоя Тамілоўская. Фашысты схапілі яе і расстралялі ў стаўбцоўскай турме вясной 1944 года. Сёння імя Зоі Тамілоўскай носіць піянерскі атрад Навасвержанскай сярэдняй школы.

Традыцыі працягваюць нашчадкі

Свята вёскі дазволіла бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто жыве сёння на вуліцы Школьнай. Іх, працавітых і гаспадарлівых, клапатлівых і ўмелых навасвяржан, ушаноўвалі ў мясцовым доме культуры. З прывітаннямі звярнуліся дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Навасвержанскай выбарчай акрузе Таццяна Белановіч і дырэктар мясцовай школы Іван Хвалей.

Ветэранаў працы адзначылі граматамі і падарункамі кіраўніцтва ЦРБ, Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Для ветэранаў-педагогаў Луізы Гумен, Ядвігі Кузьміной, Сяргея Руцкага, Зоі і Аляксандра Шыркоўскіх у той дзень было двайное свята – яшчэ і Дзень настаўніка.

Адміністрацыя ААТ «Навасвержанскі лесазавод» не забыла сваіх ветэранаў працы, хоць іх на вуліцы найбольш, 12 чалавек з 20-ці. На жаль, не ўсе змаглі па стане здароўя прыйсці на свята, але кожнаму з іх старшыня прафкама Станіслава Пархімовіч адрасавала ўдзячнасць за працу на карысць завода. Сярод іх – Вольга Ванагель, Ала Гаўрыловіч, Соф’я Гузоўская, муж і жонка Аляксандр і Вера Кажамякі, Зоя Малюціна, Галіна Свентаржыцкая, Алена Стула, муж і жонка Іван і Алена Пархімовічы, Лідзія Тацэй, Марыя Фурсевіч. Кіраўніцтва лесазавода наведала да Дня пажылых людзей і свайго ветэрана працы і адзінага ветэрана вайны Анатоля Дзягіля, які пражывае на вуліцы Трактарнай.

Расказвае ветэран лесазавода і дачка абаронцы Ленінграда Зоя Малюціна

Ветэран лесазавода Вольга Ванагель, як і Вера Крамко, з’яўляюцца старэйшымі жыхарамі вуліцы. Ім па 92 гады. Самыя юныя жыхары вуліцы – гадавалыя Ксенія Кажамяка і Аляксей Беражны.

На вуліцы Школьнай жыве нямала прыгожых сем’яў, умудроных вопытам сумеснага жыцця. Сярод іх дзве сям’і – Аляксандра і Іны Ажгірэвіч, а таксама Аляксандра і Людмілы Гумен – якраз адзначаюць сярэбранае вяселле. Ганарыцца вёска шматдзетнымі сем’ямі з вуліцы Школьнай – Віталя і Ганны Анфалавых, якія выхоўваюць пяцёра дзяцей, і Аляксандра і  Ірыны Кажамякаў, у якіх трое дзяцей.

Пасля працяглых абмеркаванняў дыпломы пераможцаў агляду-конкурсу «Лепшы падворак» уручаны  сем’ям Аляксандра і Іны Ажгірэвіч, Аляксандра і Людмілы Гумен, Зоі Малюцінай.

Адзін з лепшых падворкаў вуліцы – у сям’і Гумен

І гэта далёка не ўсе жыхары вуліцы Школьнай, якія былі ўшанаваны на свяце і пайшлі дадому з падарункамі. Іх набыць дапамаглі спонсары – індывідуальныя прадпрымальнікі Тамара і Іван Гаўрыловічы, Ілля Зейналаў.

Прыемна, што на вуліцы Школьнай усе дамы абжытыя з любоўю і клопатам, прычым у большасці выпадкаў – якраз нашчадкамі тых, хто калісьці будаваў гэтыя дамы. А свята вуліцы дало магчымасць зблізіцца са сваімі суседзямі і аднавяскоўцамі, парадавацца за іх удачы і поспехі. Стварылі цудоўны настрой артысты народнага фальклорнага ансамбля «Коласавы землякі» і калектыву «Кропелька», салісты раённага цэнтра культуры і народны хор народнай песні «Панямонь».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *