Пасхальны куліч, размаляваныя яйкі і святочныя сувеніры ад моладзі Стаўбцоўшчыны адпраўлены на рэспубліканскі маладзёжны фестываль-выстаўку «Пасхальны куліч», які праходзіць на велікодным тыдні ў сталічным культурна-дзелавым цэнтры «Дом Масквы».
У іх падрыхтоўцы пашчыравалі школьнікі раёна, наведвальнікі Дома творчасці дзяцей і моладзі, якія сваімі рукамі стваралі ўзоры-шэдэўры на «лёгкіх» яйках з пенапласту і змайстравалі пано ў тэхніцы філігрань.
– БРСМ праводзіць гэты маладзёжны фестываль сумесна з Беларускім Экзархатам, – расказала в.а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Усе вырабленыя імі падарункі спачатку ўпрыгожаць выстаўку, а затым будуць раздадзены дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльных прытулках, дамах сямейнага тыпу і інш.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
СТАЛІ АКЦЯБРАТАМІ
У гэтыя красавіцкія дні, калі ідзе падрыхтоўка да 9 Мая і да 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 96 другакласнікаў нашай школы сталі акцябратамі, новымі членамі грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».
Прыём у акцябраты праходзіў урачыста, запамінальна. Рабяты, рухаючыся па маршрутных лістах, здзейснілі вандроўку ў горад Акцябрацк. Іх чакалі нялёгкія выпрабаванні на станцыях: «Вясёлы аловак», «Загадкавая», «Пошукавая», «Уважлівая», «Знаходлівая». Заданні падрыхтавалі для іх піянеры і валанцёры. З поспехам рабяты завяршылі ўсе выпрабаванні, змаглі з кавалачкаў мазаікі скласці акцябрацкі значок.
Адметна, што на прыёме прысутнічалі не толькі педагогі, а і бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры юных акцябрат.
Алена МЯДЗВЕДЗЕВА,педагог арганізатар школы № 3 г. Стоўбцы