За некалькі апошніх тыдняў у Беларусі зафіксавана каля дзясятка смерцяў маладых людзей ад ужывання так званых курыльных сумесяў – спайсаў.
Апошнім часам стала «модным» у маладзёжным асяроддзі ўжыванне спайсаў. Гэта курыльныя сумесі, апрацаваныя тым ці іншым сінтэтычным наркатычным рэчывам. Ужыванне спайсаў прыводзіць да імгненнага развіцця залежнасці. Пры адна- ці двухразовым ужыванні развіваецца псіхалагічная залежнасць, а праз два-тры месяцы – фізічная. Эфект інтаксікацыі вельмі выражаны – з пачатку бягучага года зафіксавана каля 100 зваротаў па медыцынскую дапамогу.
Дастаткова хоць бы крыху пакурыць гэтую пякельную сумесь, як у чалавека парушаецца памяць, увага, развіваюцца дэпрэсія і апатыя да навакольнага свету. З-за спайсаў маладыя людзі могуць кідаць вучобу ці работу.
Наркаманія – хранічнае захворванне. Залежнасць больш выражаная, чым алкагольная, хутчэй наступае апустошанасць. Кола зносін звужаецца і ахоплівае ў асноўным «калег па няшчасці». Акрамя дэградацыі асобы развіваюцца сур’ёзныя парушэнні ўсіх органаў і сістэм. Развіваецца прывыканне, неабходнасць павелічэння дозы, якая цягне за сабою смерць ад перадазіроўкі.
Існуе шэраг прызнакаў ужывання наркотыкаў: спажыўцы іх выглядаюць бляклымі, схуднелымі, грэбуюць гігіенай, у іх парушаецца сон, паводзіны становяцца некіруемымі.
Пры спыненні прыёму наркотыкаў развіваецца сіндром адмены: раздражняльнасць, галаўны боль, дрыжанне рук, непрыемныя адчуванні ва ўсіх частках цела. Стан пагаршаецца на працягу 4-6 дзён. Затым паступова праяўленні праходзяць.
Прафілактычная работа павінна праводзіцца не толькі педагогамі, медыкамі, але і бацькамі, іншымі дарослымі, якія іграюць важную ролю ў жыцці маладых людзей. Бацькі павінны выбраць пазіцыю асабістай адказнасці за сваё дзіця, сваю сям’ю, а не чакаць, калі бяда пастукаецца ў дом. Лепшая прафілактыка наркаманіі – весці здаровы лад жыцця і быць у гэтым прыкладам для сваіх дзяцей. А яшчэ – пастаянна трымаць іх у полі зроку, жыць іх жыццём.
Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
ДЗЕ БЯРУЦЬ АТРУТУ?
У раёне з’явіліся трывожныя звесткі, звязаныя з фактамі ўжывання і распаўсюджвання непаўналетнім курыльных сумесяў. На адным з апошніх пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх разгледжаны два такія матэрыялы.
15-гадовы стаўбцоўскі школьнік быў дастаўлены ў рэанімацыю з парку Леніна пасля 23.00 у стане наркатычна-псіхатропнага ап’янення. Хлопца ледзьве адкачалі… Прайшоўшы праз пагранічны стан, ён прызнаецца: «Не спадабалася… Гэтыя курыльныя сумесі – брыдота». І сапраўды, у школе ён на Дошцы гонару за дасягненні ў спорце, а спорт і падобнае паскудства – несумяшчальныя.
Другі разгледжаны – непаўналетні жыхар Стоўбцаў, навучэнец Клецкага ліцэя. У адносінах да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол за ўжыванне курыльных сумесяў у грамадскім месцы. Тое, што было знойдзена ў яго, работнікі міліцыі адправілі на экспертызу. Прыйшло заключэнне экспертаў: рэчыва ўтрымлівае аналаг асабліва небяспечнага псіхатропнага змесціва.
Галоўнае пытанне да абодвух хлопцаў: дзе ўзялі гэтую брыдоту, ад якой могуць не толькі мазгі «паехаць», а і элементарна наступіць смерць? «У Мінску, па інтэрнэце», – быў адказ ліцэіста, якому ўжо амаль 18. «Хлопцы прапанавалі», – тлумачыў школьнік. Купляюць у Мінску, распаўсюджваюць у Стоўбцах. Падобная схема дастаўкі да мясцовых падлеткаў нелегальнага і небяспечнага тавару выглядае цалкам верагоднай.
– На даны момант па гэтым факце вядзецца праверка. Хутчэй за ўсё, будзе ўзбуджана крымінальная справа – за незаконны абарот наркотыкаў, – пракаменціраваў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч. Карыстаючыся момантам, ён нагадвае яшчэ раз і падлеткам, і бацькам: – Распаўсюджванне наркатычнай атруты – цяжкае злачынства, за якім ідуць суровыя меры пакарання – зняволенне на тэрмін восем і больш гадоў.
Як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, 10-га красавіка ў раёне завяршылася міжведамасная прафілактычная акцыя «Шчаслівае дзяцінства». Яна была накіравана на павышэнне эфектыўнасці работыпапрафілактыцы спажывання (распаўсюджання) наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, іншых псіхаактыўных рэчываў (якія ўваходзяць у склад курыльных сумесяў, парашкоў і т. п.) сярод непаўналетніх. На пасяджэнні камісіі падведзены вынікі гэтай акцыі.