Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

ТАА СЖК “Налібакі” з’яўляецца ў раёне адным з самых буйных вытворцаў і пастаўшчыкоў малака – за тры месяцы бягучага года на малочнатаварных фермах таварыства надоена 1981,3 тоны. Па гэтым паказчыку налібаччане займаюць трэцяе месца ўслед за жывёлаводамі ААТ “Радзіма Якуба Коласа” і “Агранёманскі”. А па надоях малака ад каровы – першае. Дойны статак налічвае каля адной тысячы кароў. З пачатку года і ў малочных справах, і ў мясных ёсць плён. Высокія лічбы дасягаюцца добрасумленнай працай людзей. Два гады шчыруе ў таварыстве галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец. За гэты адносна кароткі тэрмін ён паказаў сябе з самага лепшага боку. Па выніках работы за мінулы год ён прызнаны лепшым сярод спецыялістаў сваёй прафесіі ў раёне. Вячаславу Часлававічу прыходзіцца не вельмі лёгка, бо ўчастак яго работы вялікі. Патрэбна паспець заехаць на ўсе фермы і выканаць неабходныя ветэрынарныя мерапрыемствы. Але са сваімі абавязкамі Вячаслаў Вільнявец спраўляецца выдатна.

Ладзяцца справы ў Ірыны Жвірбля, якая цяпер працуе брыгадзірам МТФ “Цэнтр”, а раней узначальвала свінаферму. Ірына Мар’янаўна расказвае, што работнікі фермы працуюць старанна, надаілі за тры месяцы бягучага года ў сярэднім ад кожнай каровы па 2018 кілаграмаў. І ў далейшым прыкладуць намаганні не толькі замацавацца на дасягнутым, а і павялічыць паказчык. Брыгадзір упэўнена, што для гэтага ёсць усе ўмовы – добрыя кармы, адказнасць і старанне людзей. Неўзабаве пачнуцца ацёлы. Чакаецца іх нямала. У гэтым заслуга тэхніка-асемянатара Валянціны Мусік. Валянціна Іосіфаўна і аператарам машыннага даення была высокакласным, і гэтую прафесію асвоіла хутка. Не спатрэбілася яе і на вучобу адпраўляць, а дастакова было толькі паказаць усё.

Такім чынам, дзякуючы вопыту і старанню мясцовых працаўнікоў справы ў таварыстве ладзяцца.

На здымку: галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец вырашае вытворчыя пытанні з брыгадзірам фермы “Цэнтр” Ірынай Жвірбля (злева) і тэхнікам-асемянатарам Валянцінай Мусік.

 

 

ПАТЭНЦЫЯЛ – ЗВЫШ ВАСЬМІ ТЫСЯЧ

Генетычны патэнцыял малочнага статка раёна летась павялічыўся і склаў 8152 кілаграмы малака ад кожнай каровы. Самыя высокаўдойныя рагулі ўтрымліваюцца на новай малочнатаварнай ферме ў ААТ “Вялікі Двор”. А ўвогуле ў гаспадарцы налічваецца 106 кароў, ад якіх надоена за мінулы год звыш дзевяці тысяч кілаграмаў малака. У іх ліку дзве рэкардсменкі, ад якіх атрымана 13371 і 13264 кілаграмы малака, ад дзвюх кароў надоена звыш дванаццаці тысяч і ад дзевяці – звыш адзінаццаці. І гэта заканамерна, бо ў сельгаставарыстве мэтанакіравана займаюцца вырошчваннем рамонтных цялушак для ўзнаўлення статка. Вядзецца немалая работа ў даным накірунку і ў ТАА СЖК “Налібакі” і ПДСУП “Профі-Аграцэнтр”. Чатыры каровы, ад якіх надоена звыш 12 тысяч кілаграмаў малака, ёсць у налібаччан і дзве – у ААТ “Радзіма Якуба Коласа”. У гэтых таварыствах налічваецца і па пяць кароў з надоем звыш 11 тысяч. У цэлым па раёне ад 221 каровы надоена звыш дзевяці тысяч кілаграмаў малака, ад 890 – звыш васьмі і ад 674 – звыш сямі.

 

У ПЕРШАЙ ПЯЦЁРЦЫ

На чацвёртую пазіцыю ў раёне па надоях малака ад каровы падняліся сёлета жывёлаводы ПДСУП “Профі-Аграцэнтр”. Прыбаўка тут адна з самых высокіх, вытворчасць прадукцыі павялічваецца. Сярод малочнатаварных фермаў лідзіруе МТФ “Ячнае № 2”, дзе за тры месяцы бягучага года ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 1487 кілаграмаў малака, плюс 312 кілаграмаў да леташняга. Асаблівай руплівасцю вылучаюцца і маюць лепшыя паказчыкі аператары машыннага даення Валянціна Гацура з МТФ “Заямнае” і Людміла Яшкова з МТФ “Ячнае № 2”. І ў мясных справах пазіцыя не страчана. Тут у лідарах аператар па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы Зінаіда Трацяк з МТФ “Слабада”.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *