Дастойную зарплату трэба зарабіць

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

За цялятамі, як за маленькімі дзеткамі, павінен быць пастаянны і належны догляд. Далёка не кожнаму можна даверыць маладняк, бо чалавек, які даглядае жывёлу, павінен быць адказным і неабыякавым да работы. І, у першую чаргу,  душэўным, шкадаваць жывую істоту. Адпавядае ўсім гэтым чалавечым якасцям аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы ААТ “Вялікі Двор” Любоў Шарамук.

– Мне падабаецца працаваць з цялятамі, – гаворыць Любоў Міхайлаўна. – Я іх вельмі люблю. Ды і як інакш, яны ж такія безабароненыя і даверлівыя. Пастаянна размаўляю з імі, і малышы мяне разумеюць, цягнуцца пысачкамі, каб пакарміла.

Любоў Шарамук другі год працуе цялятніцай у таварыстве. І водгукі аб яе рабоце ў кіраўніцтва толькі станоўчыя. Рупнасць і ўменне спалучаюцца ў жанчыны з добрасумленнасцю, а значыць, і вынік відавочны.

– Зараз у мяне стаяць у клетках семдзесят цялят, а летам бывае ўдвая больш, – гаворыць працаўніца. – І гэта добра, бо і зарплата тады вышэйшая. Пераводзяць іх да мяне зусім маленькімі, літаральна праз тыдзень пасля таго, як нарадзіліся. Таму адразу прыходзіцца нямала павазіцца. А як набяруць яны вагу 80 – 90 кілаграмаў, то перадаю іх на комплекс для далейшага адкорму ў групу на першы перыяд. Ядуць цяляты добра, кармоў хапае, і растуць хутка, сачу за тым, каб не хварэлі. А калі падхопяць хваробу, то тады зёлкі запарваю, рыхтую розныя адвары. Як пацяплее, перавядзём іх у летнік. Там зроблены павеці і вялікі выгул. «Лялькі» мае песцяцца на сонейку і хутка нагульваюць вагу.

Пераехала Любоў Шарамук у гаспадарку з Кобрынскага раёна. Расказвае, што нарадзілася ў Казахстане, але карані ў бацькоў беларускія. Ужо прайшло амаль трыццаць пяць гадоў як яны разам з дзецьмі вярнуліся на сваю радзіму. На пытанне, чаму выбрала менавіта гэтую гаспадарку, жанчына адказала так:

– Малодшая дачка паступіла вучыцца ў Баранавічы на бухгалтара. Хацелася быць бліжэй да яе, каб дачцэ было лягчэй дабірацца. Яна хоць і жыве ў інтэрнаце, але дадому хочацца прыязджаць часцей. Тым больш, нахвалілі мне, што таварыства з моцнай эканомікай, тут добры  кіраўнік і, адпаведна, людзі атрымліваюць высокую заработную плату. Хутка ў гэтым упэўнілася, як і ў тым, што дастойную зарплату трэба зарабіць. Работай задаволена, тым больш, што вопыт у гэтай справе мела, мой працоўны стаж у жывёлагадоўлі  налічвае сямнаццаць гадоў.

Любоў Міхайлаўна жыве ў Варацішчы, у трохпакаёвай кватэры, якую выдзеліла ёй кіраўніцтва таварыства. Недалёка прыпынак электрычкі. Усё як хацела. Дарэчы, забрала да сябе і састарэлага бацьку, які чым можа дапамагае.

Успамінае, як у адначассе вымушана была змяніць работу, бо невылечна захварэў муж. 

– Ён  быў ліквідатарам на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, – расказвае Любоў Міхайлаўна. – Развілася прамянёвая хвароба, і ў апошнія гады яго жыцця мне хацелася пабольш часу праводзіць з любімым чалавекам, бо мы жылі душа ў душу. Таму ўладкавалася на работу ў псіханеўралагічны інтэрнат. Зарплата маленькая, але часу свабоднага было дастаткова для таго, каб даглядаць хворага.

Калі мужа не стала, а прайшло з таго часу дванаццаць гадоў, Любоў Шарамук адна паднімала на ногі траіх дзяцей. Нялёгка прыходзілася, але яна ўсё вытрымала і цяпер ганарыцца сваімі дзецьмі, якія пра маці не забываюць. Дом, у якім жыла з мужам, пакінула старэйшай дачцэ. Сын пражывае ў Кобрыне. У абоіх сем’і. Любоў Міхайлаўна ўжо двойчы бабуля – унучцы ідзе восьмы гадок, а ўнуку споўнілася пяць.

– У лістападзе аформлю льготную пенсію, але работу не кіну, – сцвярджае жанчына, – бо ёсць у мяне стымул працаваць. Трэба будзе дачцэ дапамагчы атрымаць вышэйшую адукацыю.

Надзея БАТАЛКА

Фотааўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *