Сталовая філіяла запатрабаваная і ў выхадныя

Важное Эканомiка

На працягу абедзеннага перапынку ў сталовай філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы абслугоўваецца да 500 чалавек, прычым вялікая частка наведвальнікаў – гэта работнікі не філіяла, а іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

Дызайн абедзеннай залы выклікае асацыяцыі з кафэ

Сталовая славіцца сваім разнастайным меню і бюджэтнымі коштамі, таму тут з ахвотай абедаюць не толькі стаўбчане, але і тыя, хто ў райцэнтры аказаўся ў камандзіроўцы. У іх ліку, да прыкладу, – работнікі тых падрадных арганізацый, якія вядуць на філіяле будаўніцтва новай вытворчасці – высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця, дзе, дарэчы, узводзіцца яшчэ адна сталовая.

– У нас ёсць усе магчымасці, каб накарміць вялікую колькасць людзей. Робім гэта з душой, на сучасным узроўні, – адзначае загадчык сталовай Лілія Бобрык.

У сталовую для павышэння якасці абслугоўвання закуплена пасудамыечная машына. На кухні зроблены рамонт. Яшчэ раней быў цалкам зменены імідж прасторнай абедзеннай залы. Яе стыльны дызайн міжволі схіляе да асацыяцый з кафэ. Для наведвальнікаў гучыць лёгкая музыка. Адметнасцю з’яўляюцца  новыя стравы, якія распрацоўваюць непасрэдна ў сталовай, а таксама свежая выпечка з уласнага кандытарскага цэха. Тут гатуюць папулярныя ў пакупнікоў чэбурэкі, піцу і смажанку і пастаўляюць іх у абодва магазіны філіяла.

Невыпадкова, што такая сучасная сталовая запатрабаваная і ў выхадныя дні. Па заяўках тут арганізуюць святкаванні вяселляў і іншых урачыстых момантаў, карпаратывы. Работнікі сталовай (у калектыве працуе 18 чалавек) на высокім узроўні абслугоўваюць і гэтыя мерапрыемствы.

Пры знаёмстве з меню ўзнікае складаная праблема – што выбраць, калі першых і другіх страў – па пяць найменняў, а салатаў – 11 відаў!

– Можаце выбраць нешта з дыетычных страў, – спяшаецца на дапамогу Лілія Бобрык.

Сапраўды, паўнацэннае і здаровае харчаванне прыйдзецца даспадобы кожнаму. У бягучым годзе кіраўніцтва філіяла пайшло на тое, каб у сталовую быў закуплены яшчэ адзін параканвектамат і ўсе стравы гатаваліся выключна на пары без выкарыстання тлушчавай асновы.

Смачна есці!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *