У Яблынаўцы адкрыўся магазін

Важное Эканомiка

Гэтую навіну рэдакцыі паведамілі вяскоўцы. У сваім тэлефанаванні яны вельмі прасілі прыслаць журналіста на адкрыццё магазіна, які істотна палепшыць гандлёвае абслугоўванне жыхароў вёскі. Мы ўважылі простых вясковых людзей, наведалі гэты магазін. Цікавасць выклікаў не толькі факт адкрыцця новага гандлёвага аб’екта, але і тое, з якой любоўю гаварылі простыя вясковыя людзі аб гаспадарах прыватнай крамы, адзначаючы высокую якасць абслугоўвання, клопат пра вяскоўцаў, павагу да людзей.

Сям’я Міхаіла і Таццяны Жук

Сям’я Міхаіла і Таццяны Жукоў даўно, больш за 20 гадоў, мае магазін у сваёй вёсцы. Таццяна Георгіеўна доўгі час працуе прыёмшчыцай Яблынаўскага комплексна-прыёмнага пункта раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Свабодныя плошчы  будынка сям’я Жукоў арандавала для прыватнага магазіна, які палюбіўся вяскоўцам асартыментам тавару, якасцю прапанаванай прадукцыі і, самае галоўнае, добрымі, міласэрнымі адносінамі прадаўца да вясковых людзей. Прыемна было даведацца, што Таццяна Георгіеўна – родам з Яблынаўкі, так што мясцовыя людзі для яе родныя.

Новы магазін размешчаны ў былой краме райспажыўтаварыства. Будынак доўгі час не выкарыстоўваўся з адпаведнымі вынікамі – быў у вельмі непрыглядным стане. Пасля таго, як сям’я Жук набыла яго ва ўласнасць, быў праведзены вялікі аб’ём рамонтных работ з усімі сённяшнімі патрабаваннямі аснашчэння яго пад магазін. Цяпер тут належнае ацяпленне, ёсць праточная вада, і звонку, і ўнутры магазін выдатна адрамантаваны ў сучасным стылі. Вялікія плошчы дазволілі набыць дадаткова халадзільнае абсталяванне, сучасныя вітрыны, што дало магчымасць пашырыць асартымент і прэзентабельны расклад тавару на паліцах. Магазін рэалізуе прадукты харчавання і прамысловыя тавары першай неабходнасці. Абслугоўваюцца не толькі жыхары Яблынаўкі, але і суседніх вёсак, дачнікі пад’язджаюць.

Сціплыя людзі Міхаіл Жук, былы калгасны вадзіцель, і яго спадарожніца жыцця Таццяна Георгіеўна, расказваюць, што такая прыватная справа патрабуе вялікага прыкладання сіл, адказнасці, сумеснай працы, якая не рэгламентавана рэжымам дня. Сям’я гэтая паважаная ў вёсцы, паказвае прыклад працалюбства, акуратнасці, прыгажосці сямейных адносін.

Новы магазін не толькі  палепшыў гандлёвае абслугоўванне сельскіх жыхароў, але і ўпрыгожыў краявіды вёскі. Аб гэтым сказалі з падтрымкай добрай справы ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Стаўбцоўскага раённага цэнтра народнай творчасці, якія завіталі на адкрыццё крамы з канцэртнай праграмай. Цэнтр творчасці суседнічае з магазінам. Актыўны калектыў гэтай установы культуры імкнецца прымаць удзел ва ўсіх мясцовых падзеях. Міхаіл і Таццяна Жукі выказалі прызнанне дырэктару цэнтра Марыне Халецкай і Але Янскай за тую святочную атмасферу, якуя яны сумелі стварыць сваім выступленнем.

Вось такімі моцнымі сем’ямі і жыве сучасная вёска. Няхай працвітае малы бізнес у рупнасці і актыўнасці яго прадстаўнікоў.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *