«У арміі я сустрэла свайго мужчыну». Таццяна Осіпчык са Стоўбцаў аб працы прапаршчыка, армейскіх буднях і каханні

Главное

Таццяна Осіпчык – сапраўдная беларуска: старанная, паважлівая, гасцінная. У яе хаце заўжды рады гасцям, а ў хуткім часе дзіцячы смех будзе пераплятацца з бацькоўскімі ўсмешкамі – сям’я чакае папаўненне. Усё гэта аб ёй – будучай маці, жонцы, сястры, дачцы… абаронцы Айчыны. Так-так, гаворка пойдзе пра жанчыну ў пагонах, якую язык не павернецца назваць прадстаўніцай слабага полу.

Таццяна Осіпчык нарадзілася ў Стоўбцах. Была вельмі стараннай і добрай, шмат часу праводзіла з бацькамі і сябрамі. Час бег, не спыняючыся, дзяўчына расла. І неўзабаве надышоў момант выбіраць прафесію. Тут Таня вагалася, бо з дзяцінства жадала авалодаць многімі спецыяльнасцямі. І выбраць з іх адну – галоўную – не магла. У выніку пасля школы дзяўчына завочна вучылася ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Але з цягам часу зразумела, што адну з сваіх дзіцячых мар жадае рэалізаваць больш за ўсё – апынуцца ў арміі.

І гэта невыпадкова. Яе бацька доўгія гады працаваў у міліцыі. Шмат часу ён праводзіў з дачкой. Менавіта таму яна ў дзяцінстве зразумела, што людзі ў пагонах – асаблівая каста. Іх адрознівае добрая выхаванасць, высокая культура і інтэлект. Дарэчы, Таніна сястра звязала сваю дзейнасць з пракуратурай. Вакол – людзі ў форме, таму нядзіўна, што нават у коле сям’і большасць размоў – на калявайсковыя тэмы.

Абраўшы ваенную спецыяльнасць, Таццяна звязала свой лёс з арміяй. У колеры хакі прайшоў год, за ім – другі, трэці… І вось ужо адзінаццаць гадоў жанчына не губляе энтузіязму і захопленна ставіцца да сваёй прафесіі. Сёння Таццяна – прапаршчык, займае пасаду дзяжурнага па радыёсувязі ў цэнтры радыёсувязі 62-га ЦВС. Дарэчы, на днях Таня адзначыць прафесійнае свята – Дзень войскаў сувязі, з чым хочацца яе ад усёй душы павіншаваць.

– У арміі я сустрэла свайго мужчыну, – падзялілася Таццяна. – Мой муж праходзіў тэрміновую службу ў адной частцы са мной. І дома, і на працы я адчуваю сябе выдатна: займаюся любімай справай, а побач – дарагія і блізкія людзі. Хутка будзе падымаць настрой маленькае дзіця. Я адчуваю сябе вельмі шчаслівай і ўпэўнена магу сказаць, што армія – мой другі дом!

… Калі Таццяна пойдзе на дэкрэтны адпачынак, пачнецца новы этап яе жыцця. Жанчына не хавае, што будзе сумаваць па звыклым армейскім будням. Бо калі праца ў радасць – хочацца тварыць, прыносячы карысць сваёй сям’і і краіне.

Таццяна Чарнуха, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *