Стаўбцоўшчына спартыўная

Нумары Спорт

НА ПРЫЗЫ АЛІМПІЙЦА

Спартыўныя спаборніцтвы асабліва адметныя, калі яны прысвячаюцца важнай падзеі, знамянальнай даце, вядомым спартсменам. І пахвальна, што ў раёне традыцыйна ладзяцца кросавыя забегі на прызы Аляксандра Гоцкага.

Стаўбцоўшчына ганарыцца дасягненнямі свайго земляка. Перамогі на Алімпійскіх гульнях – вяршыня спартыўнага шчыравання. Іх пераможцы праслаўляюць і сябе, і сваю краіну. У беларусаў і цяпер яркія ўражанні ад гучнага поспеху нашых біятланістаў і фрыстайлістаў на зімовай Алімпіядзе ў Сочы. Аднак жа і ўдзел у алімпійскіх стартах (куды трапляюць самыя моцныя атлеты), тым больш удалае там выступленне – своеасаблівы знак вышэйшай спартыўнай якасці. На Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў 1976 годзе ў канадскім Манрэалі, Аляксандр Гоцкі трапіў у дзясятку мацнейшых у адным з самых складаных і прэстыжных відаў спартыўнай праграмы – марафонскім бегу.

Цяпер Аляксандр Генадзьевіч вопытны трэнер. Ён выводзіў і выводзіць на міжнародную спартыўную арэну здольных беларускіх лёгкаатлетаў. Пры магчымасці завітвае на Стаўбцоўшчыну, наведвае родзічаў у Новым Свержані. З задавальненнем прыязджае, каб правесці судзейства спаборніцтваў, тым больш на турнір, дзе разыгрываюцца яго прызы. І цяпер алімпіец, майстар спорту міжнароднага класа ўважліва сачыў за выступленнямі  нашых юных лёгкаатлетаў і радасна віншаваў пераможцаў.

Веснавы лёгкаатлетычны крос на прызы Аляксандра Гоцкага склікаў ва ўрочышча паблізу  дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок» навучэнцаў большасці школ раёна. Своеасаблівым экзаменам стала і выступленне на кросавых дыстанцыях членаў груп лёгкай атлетыкі і лыжнага спорту ДЮСШ. У маляўнічай мясціне сабралася каля 250 удзельнікаў.

І вось даюцца старты забегам удзельнікаў чатырох узроставых груп – ад 1997 да 2003 года нараджэння і маладзейшых. Яркае сонца, лёгкі ветрык і асаблівы настрой: за выступленнямі назірае сам удзельнік Алімпіяды, галоўны суддзя спаборніцтваў. Будзе выдатна, калі ён адзначыць цябе сярод здольных спартсменаў.

Кросавая дыстанцыя ўецца па лугавіне, узлеску і вось – фініш. У пратаколах адзначаюцца даволі хуткія секунды, вызначаюцца пераможцы. Трое з іх у адпаведных групах прадстаўляюць Рочавіцкую сярэднюю школу. Гэта Андрэй Лапуцкі, Дзмітрый Мароз і Арцём Шырвель. Столькі ж спартыўных лаўрэатаў з Заямнаўскай СШ – Паліна Грыб, Аліна Навіцкая, Кірыл Ніканчук. Вераніка Бець займаецца ў Вішнявецкай СШ, Карына Тацевасян – у СШ № 3 г. Стоўбцы.

Назавём і ўсіх прызёраў спаборніцтваў. Сярод самых юных, можна сказаць, пачаткоўцаў – Паліна Маліноўская (Наваколасава), Юлія Лобан (Рочавічы), Аляксандр Карповіч (СШ № 2), Вадзім Хмель (Новы Сврежань). У малодшай групе прызавы поспех спадарожнічаў Ульяне Мінкевіч (Рочавічы), Карыне Уліч (СШ № 3), Арцёму Рынкевічу (Налібакі), Аляксандру Недзеню (Наваколасава). У сярэдняй групе трынаццаці-чатырнаццацігадовых хлопцаў і дзяўчат прызавыя прыступкі занялі Наталля Прылуцкая (Рочавічы), Ксенія Гацура (гімназія № 1), Аляксандр Палякоў (Наваколасава), Андрэй Лябедзька (Стары Свержань). А сярод старшакласнікаў вызначыліся як здольныя лёгкаатлеты Вераніка Паляшук (СШ № 3), Бажэна Ключнік і Леанід Ваўчок (Цеснавая), Аляксандр Уласік (Наваколасава). Спадзяёмся, што хтосьці з гэтых юных спартсменаў праславіць родны край значнымі спартыўнымі дасягненнямі.

Першае агульнакаманднае месца выйграла дружная і добра падрыхтаваная каманда Рочавіцкай СШ, якую трэніруе Дзмітрый Булакевіч. Другім прызёрам стаў спартыўны калектыў Заямнаўскай СШ і трэцім – Коласаўскай СШ. Яны адзначаны кубкамі і граматамі. Чэмпіёны ў кожнай узроставай групе атрымалі ўзнагароды з рук самога алімпійца Аляксандра Гоцкага. Арганізатары спаборніцтваў удзячны і спонсару – індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Броду.

Па выніках традыцыйнага веснавога кросу сфарміравана каманда раёна для ўдзелу ў абласным кросе на прызы газеты «Мінская праўда».

Ф. ФЯДОТАЎ

 

МЯЧ У РУКАХ ЛЕСАВОДАЎ

Упершыню Стаўбцоўскі доследны лясгас правёў свой чэмпіянат па міні-футболе.

Удзельнікі – каманды з васьмі лясніцтваў, вытворча-майстарскага ўчастка “Акінчыцы” і адміністрацыі лясгаса – сабраліся на Дзераўнянскім ФАКу. У саставе кожнай каманды было пяць асноўных ігракоў і адзін запасны, – расказаў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

Ва ўпартай барацьбе перамагла каманда Прудскога доследнага лясніцтва, другое і трэцяе месцы адпаведна – у камандаў Апечкаўскага і Хатаўскога лясніцтваў. Лепшым бамбардзірам стаў Юрый Каваленка з Апечкаўскага лясніцтва, ён правёў у вароты сапернікаў пяць мячоў, а неперасягнутым варатаром прызнаны Павел Лапуцкі з Кульскога лясніцтва. 

Прафсаюзны камітэт лясгаса патрымлівае арганізацыю ўсіх спартыўных спаборніцтваў і – разам з дыпломамі – выдзеліў грашовыя ўзнагароджанні кожнаму члену камандаў, хто заняў прызавыя месцы. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *