На сваёй зямлі

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Падведзены вынікі 9-га Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі”. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел юныя мастакі з 31 краіны. Было даслана больш за 13 тысяч малюнкаў. Характэрна, што журы конкурсу для ўзнагарод з гэтай вялікай колькасці выбрала каля 400 адметных работ.

У конкурсе прынялі ўдзел выхаванцы мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і народнай студыі выяўленчага мастацтва “Радуга” Шашкоўскай школы мастацтваў.

Нашым дзецям было радасна атрымаць запрашэнне на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў, якая адбылася ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры.

Дыпломы атрымалі вучні абедзвюх школ. Дзіяна Чарнец атрымала дыплом ІІІ ступені. Сем гадоў Дзіяна ішла да перамогі, удзельнічаючы ў гэтым міжнародным конкурсе. У папярэднія гады ў яе былі дыпломы ўдзельніцы, а на гэты раз – лаўрэацкі дыплом са ступенню.

Дыплом удзельніка конкурсу атрымала яшчэ адна вучаніца Стаўбцоўскай школы мастацтваў – Бажэна Звыцэвіч, а таксама члены студыі “Раніца” з Шашкоў Алена Калкоўская і Вікторыя Калкоўская.

Прыемна было атрымаць і лісты падзякі. Іх заслужылі Анастасія Маскаленчык, Віктар Бірук, Вадзім Карачун са Стаўбцоўскай школы мастацтваў і Алеся Калкоўская, Максім Калкоўскі, Вікторыя Прыбытка, Павел Сахар, Улад Лукша са студыі “Раніца”.

Арганізатары конкурсу паклапаціліся аб каштоўных падарунках для пераможцаў. Дзіяна Чарнец атрымала медаль, наборы прафесійнай акварэлі, прафесійнай гуашы і алоўкі, а таксама блокі акварэльнай паперы. Адметна, што ў гэтым наборы быў і падарунак ад Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў, якія аддалі перавагу работам Дзіяны. Бажэна Звыцэвіч, Алена Калкоўская і Вікторыя Калкоўская атрымалі ў падарунак наборы алоўкаў і блокі прафесійнай паперы. Дзве работы Дзіяны Чарнец, якія яна прысвяціла краявідам коласаўскай зямлі, экспануюцца цяпер у галерэі Універсітэта культуры ў Палацы Рэспублікі. Выстава будзе працаваць да канца месяца.

Адзначаючы такія яркія поспехі дзяцей, нельга не сказаць і пра талент іх выкладчыкаў – Андрэя і Ірэны Зянько са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і Святланы Калкоўскай – кіраўніка народнай студыі “Раніца” Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Многія гады яны дапамагаюць здольным дзецям развіць свае таленты, адкрываюць ім дарогу для ўдзелу ў розных конкурсах, рыхтуюць настолькі прафесіянальна, што выпускнікі школ мастацтваў паспяхова здаюць уступныя экзамены і становяцца студэтамі прэстыжных ВНУ.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *