Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, у нашай краіне стала больш сем’яў, якія выхоўваюць больш за двое дзяцей, але ўсё ж у нашы дні шматдзетныя сем’і — з’ява досыць рэдкая. Як жа гэта – быць шматдзетнай маці? Як усё паспяваць? Пра гэта мне расказала мама траіх дзяцей Вольга Аноп.
Вольга – адзінае дзіця і аб вялікай сям’і не марыла. А цяпер Марыя – яе старэйшая дачка, ёй амаль сем гадоў, першакласніца. Двайняткам – Арцёму і Паліне – 1,5 гады, яны маміны памочнікі.
– Вашы дзеці – якія яны? Падобныя, розныя? Дружныя ці не?
– Усе мае дзеці вельмі розныя і знешне, і па характары, напэўна, таму яны вельмі добра ладзяць паміж сабой, але бываюць і рознагалоссі.
– А прысмакі купляеце ці паспяваеце і самі нешта спячы? І што яны больш за ўсё любяць?
– Нешта купляем, штосьці пяку. Так атрымалася, што дзеці не вельмі любяць салодкае, больш здобную выпечку. Перавагу аддаюць піцы і ватрушкам з тварагом.
Звычайна ў сям’і Вольгі Аноп дзеці ўстаюць рана, каля сямі, часам раней. З падыманнем няма праблем, таму што ў дзяцей свой рэжым. Спачатку збіраюць старэйшую ў школу, а потым час малых, якія перад сняданкам вельмі любяць паветраныя ванны. Адбой ва ўсіх розны: двайняткі кладуцца ў 20.00, рэдка калі пазней, а Маша да 22.00, часам раней. Дзень Вольгі цалкам залежыць ад дзяцей і іх рэжыму.
– Ці ёсць у вас нейкі план, пэўнае ўяўленне аб тым, што вы будзеце рабіць праз тыдзень, праз месяц, на працягу года?
– Вядома, ёсць пэўнае бачанне нашай сям’і ў будучыні, ёсць мэты, якія мы ставім перад сабой на год, да чаго мы імкнемся. Пакуль я бачу перыяд, напэўна, калі малыя не пойдуць у сад. Я, канешне, нешта паспяваю, а штосьці і не, вялікі плюс – дапамога мужа. І я раней злавалася, калі не паспявала, а цяпер разумею, што ёсць першарадныя справы. Трэба думаць і пра сябе, некаторыя справы можна зрабіць і пазней.
Машка дапамагае з малымі, яны яе вельмі любяць і гатовыя гуляць з ёй суткамі.
– Ёсць меркаванне, што цяжка з адным дзіцем, а з двума і больш ужо прасцей. Па вашым вопыце, гэта так?
– Я, напэўна, схіляюся да таго, што прасцей, калі ў сям’і не адно дзіця, таму што калі з’яўляецца другое, трэцяе дзіця, ты ўжо з вопытам. Усё залежыць ад дзетак і, вядома, ад успрымання мамай сваіх дзетак.
– Як спраўляцца з усімі справамі? Асабліва калі дзеці яшчэ зусім маленькія?
– Канкрэтнай парады няма. Гэта цудоўна, калі сям’я вялікая. Кожная сама разумее, што ёй трэба. Дзеткі – гэта вялікая адказнасць, але магу сказаць дакладна: быць шматдзетнай маці – гэта не цяжка, а дзесьці нават вельмі весела.
Вельмі дапамагаюць Вользе Аноп бабулі і дзядулі, за што ім вялікі дзякуй.
– Якое ваша самае любімае баўленне часу, калі вы збіраецеся ўсёй сям’ёй?
– Проста пабыць разам.
– Што можаце параіць, каб столькі ўсяго паспяваць?
– Напэўна, не баяцца прасіць дапамогі ў блізкіх і ніколі не думаць аб тым, што ты не справішся з чымсьці.
Гутарыла Марына КУТАС
Фота з архіва Вольгі АНОП