Ніна Юдакова і Вераніка Васілеўская выхоўваюць «залатых рыбак»

Главное Спорт

У ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна» пачаўся новы навучальны год. Трэнеры аддзялення па плаванні Ніна Юдакова і Вераніка Васілеўская таксама  прыступілі да заняткаў з дзецьмі.

Прыплылі

Аддзяленне па плаванні карыстаецца ў стаўбцоўскіх дзяцей і іх бацькоў вялікім попытам. У кожнай з трэнераў займаюцца каля 100 дзяцей, аднак колькасць жадаючых – значна большая. Прыкладна палова дзяцей трэніруецца, працуе на спартыўны вынік, другая, большая, палова – проста вучыцца плаваць і атрымлівае задавальненне ад водных працэдур.

У дзевяць раніцы на водных дарожках басейна якраз пачалася трэніроўка.

Юныя спартсмены плывуць энергічна, прыгожа закідваючы рукі. На каманду трэнера Веранікі Васілеўскай выходзяць з вады. Іх частае дыханне выдае, што гэты занятак нялёгкі. Некаторыя садзяцца на борцік, каб некалькі секунд адпачыць.

– Давайце праплывем яшчэ раз, – настройвае Вераніка Мікалаеўна.

Пакуль выхаванцы робяць свой апошні на сёння рывок, трэнер тлумачыць: «Дзеці стаміліся. У іх у зале адразу была трэніроўка з размінкай і сілавой нагрузкай».

Як правіла, трэніроўкі праходзяць праз дзень, аднак апошнім часам яны штодзённыя, бо ідзе падрыхтоўка да выступлення на Адкрытым кубку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. У мінулым навучальным годзе ў выхаванцаў аддзялення па плаванні не было такога месяца, каб яны не выязджалі на спаборніцтвы. «Графік напружаны. Выступаем па ўсёй рэспубліцы. Бяром удзел і ў міжнародных турнірах», – пацвярджаюць трэнеры.

Імёны тых «залатых рыбак», якія заваёўваюць перамогі, – Мацвей Трачэнка, Марыя Юхноўская, Рашыд Рамадан, Яраслаў Страчынскі, Аляксандра Тарасевіч, Аляксандра Мяцельская, Герман Сінюта, Яўген Капяльян, Аляксей Бандаровіч, Ганна Калоша, Кацярына Ігнацюк. Некаторыя з іх займаюцца трэці год, некаторыя – чацвёрты.

На новы навучальны год набрана новая група з ліку дзяцей 2012-2014 гадоў нараджэння. Самыя малодшыя яшчэ наведваюць дзіцячы садок.

Не ўмееш плаваць – не трэба перавучваць

Дзяцей прыводзяць у аддзяленне па плаванні пераважна бацькі. Усіх іх бяруць, але большасць – у звычайныя групы, якія займаюцца на платнай аснове, і толькі 15 чалавек, пасля адмысловага адбору, – у спартыўную групу.

– Неабавязкова ўмець плаваць, – кажа Ніна Юдакова адносна ўсіх навічкоў. – Для спартыўнага плавання больш падыходзяць высокія і гібкія, з шырокімі далонямі і, пажадана, з такімі ж ступнямі, якія падобны на прыродныя ласты.

Аднак прыродныя даныя – далёка не ўсё.

– Спартыўнае плаванне – гэта штодзённая праца над сабой. Не ўсе яе вытрымліваюць, – расказвае Ніна Юдакова.

– Слёзы ў вашых выхаванцаў бываюць?

– У дзевяці-, дзесяцігадовым узросце без гэтага не абыходзіцца. Але хто хоча дасягнуць выніку, той працуе. Часцей натыкаемся на амбіцыі бацькоў, якія не адрозніваюць спорт ад купання. Калі дзіця не здало кантрольных нарматываў, яго пераводзім у звычайную платную групу. З бацькамі нашых выхаванцаў наладжаны пастаянны кантакт праз групу ў вайберы.

Трэнерскае шчасце

Паток жадаючых у аддзяленне па плаванні вялікі (у вячэрні час занятыя ўсе пяць дарожак), а працуюць усяго два трэнеры. Затое якія энтузіясты!

Ніна Юдакова – з вялікім педагагічным вопытам работы з дзецьмі ў напрамку фізкультуры. Яе калега Вераніка Васілеўская – адносна нядаўняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, прыехала ў Стоўбцы па размеркаванні. Адпрацавала, але ўжо другі год працуе па кантракце. Мінчанка, чэмпіёнка рэспублікі па плаванні 2009 года.

У вопытнага трэнера займаюцца тыя, хто наведвае аддзяленне па плаванні першыя гады (ідзе пачатковая падрыхтоўка), у маладога трэнера – тыя, хто трэніруецца трэці і чацвёрты гады (ідзе асвойванне навыкаў, тэхнікі). Іх рабочы дзень разбіты на дзве часткі: трэніроўкі ідуць з 8 да 11 гадзін і з 16 да 20 гадзін. Задача трэнера заключаецца ў пошуку і развіцці спартыўных талентаў, аднак не толькі ў гэтым сутнасць іх працы. У аддзяленні развіваюць і такі напрамак, як работа з дзецьмі-інвалідамі. Трэнеры выказваюць прапанову: «Нам бы басейн-«лягушатнік», тады б навучанне плаванню ішло ў 2-3 разы хутчэй».

Цікаўлюся ў Веранікі Васілеўскай: «Што трымае вас у Стоўбцах?»

– Дзеці трымаюць, – адказвае яна не задумваючыся. –  Калі бачыш талент, табе шкада, што ён прападзе.

У Ніны Юдаковай хачу даведацца: «Якія радасці ў рабоце трэнера?»

– Гэта дзеці, – гаворыць яна. – Яны адразу баяліся зайсці ў ваду, а цяпер плывуць. А калі прызавыя месцы прывозяць са спаборніцтваў, то для трэнера гэта шчасце. Глядзіш, якія яны падцягнутыя, з прыгожымі фігурамі, і разумееш, што працаваў недарэмна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *