Пасадзі дрэва – зрабі Міншчыну больш прыгожай

Важное Год малой родины

Дырэктар Вішнявецкай СШ Ірына Клачко з вучнямі на тэрыторыі школы

Як патрэбна любіць сваю школу, можна павучыцца ў тых, хто працуе ў Вішнявецкай СШ. Будынак школы настолькі прэзентабельна выглядае, што ў многіх пакідае яркія ўражанні. У нас таксама. Мы сюды завіталі, даведаўшыся, што гэтая навучальная ўстанова прыняла ўдзел у валанцёрскай экалагічнай акцыі «Пасадзі дрэва – зрабі Міншчыну больш прыгожай», прымеркаванай да Году малой радзімы. Па пытанні добраўпарадкавання тых мясцін, дзе праходзіць наша жыццё, і экалагічным выхаванні маладога пакалення мы вядзём гаворку з дырэктарам школы Ірынай Клачко. Прыемна было даведацца, што Вішнявец – гэта малая радзіма Ірыны Яўгенаўны. Сюды яна прыехала працаваць па размеркаванні настаўніцай пачатковых класаў. Па службовай лесвіцы ад намесніка дырэктара паднялася да кіраўніка педагагічнага калектыву і на гэтай пасадзе працуе ўжо пяць гадоў. Так што для яе ўсё, што звязана з роднай школай, праходзіць праз сэрца, і яна падтрымлівае ўсе ініцыятывы па яе добраўпарадкаванні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

–       Падчас абласной акцыі, – расказвае Ірына Яўгенаўна, – займаліся пасадкай дрэў і кустоў на тэрыторыі сваёй школы. Пасадзілі шэсць яблынь і пяць кустоў гартэнзіі. Саджанцы – гэта спонсарская дапамога мясцовых фермерскіх гаспадарак. Па сутнасці, тэрыторыя нашай навучальнай установы аформлена, мы завяршаем яе дызайн. Не першы год працуем па сваім школьным праекце «Мая школа – мой дом». І знутры, і звонку стараемся прыхарошваць школу, дапаўняць нешта новае ў інтэр’еры. У нас цэлы батанічны сад пакаёвых раслін, мы іх беражліва даглядаем. Такая ж увага і да тэрыторыі. Яна ў нас вялікая, мы кожны куточак прадумалі па дызайне, дапаўняем, добраўпарадкуем: дзесьці ўвасобілася ідэя альпійскай горкі, недзе знайшла месца незвычайная пасадка кустоў. Ёсць свой агарод, мы яго таксама па-гаспадарску выкарыстоўваем для школьнага харчавання. Вырашчанай самастойна гародніны хапае да таго часу, пакуль мясцовае сельгаставарыства «Вішнявецкі-агра» не паставіць нам бульбу, гародніну і садавіну пад поўную патрэбнасць школы. У нас у гэтым навучальным годзе навучаецца 101 вучань. Кожнага школьніка за сталом у сталовай ля яго абеда штодзень чакае сакавіты апетытны яблык. Мясцовае сельгаставарыства – наш надзейны спонсар. Мы з удзячнасцю прымаем дапамогу іншых дабрачынцаў, бацькоў, выхоўваем у дзяцей беражлівыя адносіны да школьнай маёмасці. І калі нам гавораць, што школа – упрыгажэнне Вішняўца, то для нас гэта стымул і надалей праяўляць пра яе сыноўні клопат.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *