«Нёман-Агра» перамагла ФК «Асіповічы» — 4:2

Важное Спорт

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У 25-ым туры чэмпіянату краіны каманда «Нёман-Агра» перамагла ФК «Асіповічы» з лікам 4:2.

Заўзятары, якія ў любых абставінах будуць хвалявацца і падтрымліваць свой любімы калектыў, зноў з надзеяй прыйшлі на стадыён «Юнацтва». Стаўбчане пачалі матч упэўнена, правялі рад атак. Аднак першы мяч уляцеў у іх вароты, ішла 17-ая мінута сутрэчы. Яшчэ праз 15 мінут нашы лік зраўнялі, гол на рахунку Мікіты Дзенісевіча.

Пераломнай стала дзесяцімінутка пасля перапынку. На 50-й мінуце за парушэнне правілаў у штрафной пляцоўцы суддзя матча прызначае адзінаццаціметровы ўдар, і Рэнат Шкураценка гэты шанц рэалізуе. Стаўбчане выходзяць наперад – 2:1. А яшчэ праз тры мінуты, відаць, усе прысутныя на трыбуне падняліся з месца і доўга апладзіравалі. Гэта быў гол-шэдэўр! Нападаючы каманды стаўбчан Дзмітрый Даўбейка са сваёй палавіны поля нанёс удар, і мяч уляцеў у сетку сапернікаў. Пэўна, тут і віна варатара гасцей, які далекавата выйшаў з варот і, прама кажучы, зазяваўся. Але і вопыт, майстэрства нападаючага прыдаліся. Закінуць мяч «за каршэнь» варатару – выпадак неардынарны нават у сусветным футболе.

Удача нападаючага і адначасова трэнера каманды натхніла нашых футбалістаў. Неўзабаве Мікіта Дзенісевіч даводзіць лік да буйнага – 4:1. Гасцям хапіла парыванняў толькі на яшчэ адзін гол прэстыжу.

З добрым настроем футбалісты каманды «Нёман-Агра» накіраваліся ў Івацэвічы. Аб выніку гэтай сустрэчы мы паведамім пазней. Пакуль жа адзначым, што двойка лідараў, а значыць і галоўных прэтэндэнтаў на выхад у першую лігу, засталася нязменнай. Гэта дзяржынскі «Арсенал» і ФК «Ашмяны». Мае шанц дабіцца такой мэты і ФК «Маладзечна», які ідзе трэцім. Што датычыць «Нёмана-Агра», то з апошняга месца цяжка будзе зрушыць. Але ж добра, што наша каманда паляпшае гульню.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *