Іван Тарасевіч — педагог па прызванні і лёсе

Адукацыя Главное

Наведаўшы вёску Гурнаўшчына, завітаў да свайго настаўніка Івана Аляксандравіча Тарасевіча. Уразіла, што на самым ганаровым месцы ў доме – Ліст падзякі ад выпускнікоў 1973 года. Наша васьмігадовая школа была ліквідавана ў 1992 годзе, а добрая памяць аб настаўніках, іх важкім укладзе ў наша сталенне не згубілася ў часе.

Адбылася размова аб жыцці,  педагагічнай працы, сямейных радасцях. Па манерах паводзін адчуваецца ў ім асоба педагога-інтэлігента, скупа і няспешна нанізваў ён на нітку жыцця ўсе падзеі, асабістыя і грамадскія.

Іван Аляксандравіч нарадзіўся  ў 1939 годзе. Бацькі, Аляксандр Іванавіч і Браніслава Вікенцьеўна, праяўлялі вялікі клопат і любоў як да самага малога Яся, так і да старэйшых – сястры Яніны і брата Лешака.

Ясь – дзіця вайны. У 1947 годзе Ясь пайшоў у першы клас Ціскаўшчынскай сямігадовай школы. Вучыліся па хатах. Запалі ў памяць урокі па рускай літаратуры Лапуцкай Яніны Іосіфаўны, а таксама па фізіцы і матэматычных дысцыплінах Ярашынскага Севасцьяна Іосіфавіча, што і вызначыла потым яго прафесійны выбар.

Пасля заканчэння сямігадовай школы юнацкія гады былі прысвечаны працы ў калгасе паштальёнам, рахункаводам. Вывучыўся на трактарыста і зноў вярнуўся ў калгас. Цяга да ведаў, кнігі вызначылі яго жыццё. Пасля заканчэння экстэрнам Івянецкай сярэдняй школы Ясь атрымаў такі жаданы атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Новы этап жыцця пачаўся з прызыву ў армію. Накіравалі ў войскі касмічнай сувязі (дальняя авіяцыя). Вайсковая часць знаходзілася ў Маскве. Вярнуўся дадому, паступіў у політэхнічны інстытут на канструктара трактароў. Як і палова студэнтаў факультэта, не змог працягнуць вучобу з-за матэрыяльнага становішча. Закончыў курсы электрамантажнікаў у Мінску і быў накіраваны ў Ленінградскі трэст для будаўніцтва лініі электраперадачы Масква – Ленінград (ЛЭП-500), працаваў верхалазам.

Рамантыка юнацтва праходзіла. Івану неабходна было прафесійна вызначыцца. І ён паступіў у 1964 годзе ў Мінскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Завочна навучаўся на настаўніка матэматыкі. Тут і сустрэў сваю каханую Фаіну Галасевіч са Шчучынскага раёна. У верасні 1964 года дырэктар Борыс Анатолій Лукіч запрасіў  Івана Аляксандравіча на працу ў Ціскаўшчынскую васьмігадовую школу настаўнікам фізікі і матэматыкі.

Згулялі вяселле з Фаінай. Іван Аляксандравіч і Фаіна Станіславаўна жылі ў любасці, прыдбалі дачок Наталлю, Алену і Таццяну.

Праз гады, калі  сустракаеш выпускнікоў і заходзіць размова пра Івана Аляксандравіча, усплываюць светлыя пачуцці дзяцінства, звязаныя са зносінамі з настаўнікам. Як умела і даходліва ён тлумачыў тэарэмы, задачы, формулы на сакавітай беларускай мове, нярэдка з дапамогай трапнага народнага выслоўя, вобразнага параўнання! У Івана Аляксандравіча вучыліся дабрыні, пераймалі яго тактоўнасць, далікатнасць, мяккую і хуткую паходку. Сваім пільным і лагодным позіркам ён, здаецца, бачыў нас навылёт, а таксама нашы жартачкі і свавольствы. Але мы не баяліся яго, з ім было цікава і на ўроку, і на факультатыве, і на гуртку, і на прадметным вечары, у паходзе або на экскурсіі. У 1970 годзе на факультатыве па матэматыцы мы вывучалі працу электроннай вылічальнай машыны, двайковую сістэму вылічэння.

Ён дапамагаў збыцца нашым дзіцячым марам, быць паспяховымі ў вучобе і ў жыцці, спрыяў развіццю нашых здольнасцяў.

Іван Аляксандравіч стварыў новую абстаноўку ў пазакласнай рабоце школы. Няпоўны пералік спраў: экскурсіі з вучнямі ў Маскву, Нясвіж, Брэст, Гарадзею (цукровы завод), паходы ў Івянец, Мікалаеўшчыну, Вязынку, велапаход у Дзержынова. Самыя смачныя бліны былі ў зімовым лыжным паходзе на гару Дубавую (340 метраў над узроўнем мора, найвышэйшая кропка ў раёне і трэцяя ў рэспубліцы), што за два кіламетры ад школы. Вучні актыўна і паспяхова ўдзельнічалі ў турыстычных спаборніцтвах. Іван Аляксандравіч любіў фатаграфаваць і далучыў нас да гэтага мастацтва. Фатаграфіі – нашы рэліквіі, якія засведчылі нас у школьныя гады.

Пад яго кіраўніцтвам абсталявалі цір пад Кавалёвай гарой  і вучыліся страляць і зімой, а вясной збіралі кулі з волава і пераплаўлялі ў дзіцячыя цацкі. Шахматы, шашкі… Школьныя турніры былі штомесячна. Педагог старанна рыхтаваў нас да раённых спаборніцтваў, і мы паспяхова ўдзельнічалі ў іх. Школа знаходзілася вельмі далёка ад цэнтра, неабходна было дабірацца пехатой да прыпынку ў в. Буцькавічы больш за шэсць кіламетраў, але гэта не стрымлівала нас і настаўніка.

Акрамя выкладання прадметаў Іван Аляксандравіч працаваў намеснікам дырэктара гэтай школы, а з 1983 года яму даверылі педагагічны калектыў. З 1984 года ажыццяўляліся мерапрыемствы па рэформе школы.

Пад кіраўніцтвам Івана Аляксандравіча ў калектыве ўстановы працавалі майстры педагагічнай справы. Настаўнікі Тамара Іванаўна Жыбуль, Мяланія Іосіфаўна Хмялеўская, Яўгенія Казіміраўна Жаўткоўская, Фаіна Станіславаўна Тарасевіч, Ніна Канстанцінаўна Чухлей імкнуліся даць вучням глыбокія веды. Многія выпускнікі сталі настаўнікамі, кіраўнікамі ў сістэме адукацыі. Сярод іх – Марыя Пракаповіч, Ганна Сушкевіч, Валянціна, Галіна і Вацлаў Матусевічы, Людміла Жыбуль, Таццяна Хлябовіч, Наталля Мянжынская.

У пачатку 90-х гадоў колькасць навучэнцаў у школе зменшылася, установу ліквідавалі. Педагагічная кар’ера І. А. Тарасевіча завяршылася, ён вымушана пайшоў на льготную пенсію.

Але і цяпер Іван Аляксандравіч стаў патрэбным чалавекам для аднавяскоўцаў. У многіх дамах знаёмых яшчэ і цяпер даюць цяпло печы, грубкі, складзеныя ім, стаяць у дварах пабудовы. А яго сядзіба (каля гектара!) зацвіла мноствам раслін. Заўсёды знаходзіў час на дапамогу сястры Яніне, якая выхоўвала васьмярых дзяцей пасля смерці мужа.

Сямейнай радасцю стала наведванне іх дома ўнукамі.

Сур’ёзным выпрабаваннем быў інсульт. У верасні 2012 года не стала спадарожніцы жыцця Фаіны Станіславаўны. Дзякуючы моцнай сіле волі Іван Аляксандравіч сёння ў страі. На сябры-веласіпедзе часта робіць падарожжы не толькі ў касцёл у в. Варапаі, краму ў в. Рочавічы, але і ў г. п. Івянец або ў в. Рубяжэвічы. Апрацоўвае сядзібу, вядзе невялікую гаспадарку.

Хацелася выведаць у Івана Аляксандравіча сакрэт даўгалецця, на што ён заўважыў, што яго яшчэ не дасягнуў. Разам з тым падзяліўся правіламі свайго жыцця: умець ставіць перад  сабой задачы і іх выконваць; захоўваць рэжым дня, сустракаць штодня світанак у 5-6 гадзін раніцы; весці рухомы лад жыцця, любіць фізічную працу і рабіць яе з задавальненнем; пры харчаванні не пераядаць, усяго патрохі, алкаголь у меру (па ўзгадненні з урачом), есці прадукты натуральныя, з гаспадаркі; з дабром успрымаць людзей, нікога ні ў чым не папракаць, нікому не адмаўляць у дапамозе; мала гаварыць пра здароўе, а многія хваробы лячыць народнымі сродкамі, дапамагае адпачынак на цёплай дамашняй печы; быць сярод прыроды, на роднай зямлі, якая дае сілы і крылы для жыцця.

У гэтым годзе добры ўраджай дала статрыццацігадовая груша, якую пасадзіў прадзед Аляксандр у ХІХ стагоддзі. Яна сімвал даўгалецця сям’і Тарасевічаў. Груша «шуміць, заходзе на гутарку то з небам, то з зямлёю». Здаецца, што Іван Аляксандравіч разумее яе размову і чуе наказ: «трэба жыць», тварыць сваё жыццё, быць патрэбным на бясконцай дарозе часу сваім родным і блізкім, верыць у будучыню сваю, сваіх дзяцей і ўнукаў, будучыню нашай краіны – Беларусі.

Хочацца пажадаць Івану Аляксандравічу шматлікіх ранішніх світанкаў і, галоўнае, добрага здароўя, аптымізму, моцы духу і энергіі для даўгалецця.

З юбілеем!

Вацлаў МАТУСЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *