Прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам філіяла «Аўтамабільны парк № 17»

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

Прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам філіяла «Аўтамабільны парк № 17» ААТ «Мінаблаўтатранс» Іванам Бычкевічам.  Прагучалі пажаданні, якія дырэкцыя аўтапарка плануе ўлічыць у сваёй рабоце.

С. І. Запольная звярнула ўвагу на тое, што вадзіцель аднаго з рэйсаў аўтобуса Стоўбцы – Старына не спыніўся на аўтамагістралі. Выказана незадавальненне змяненнем у раскладзе руху аўтобуса Стоўбцы – Акінчыцы (з 19.45 на 19.00). Акрамя таго, ад імя пасажыраў перададзена просьба падаваць аўтобусы на перон аўтавакзала крыху раней, каб людзі маглі зайсці і не мерзнуць у чаканні на вуліцы.

Іван Бычкевіч:

– З сітуацыяй, калі вадзіцель не спыніўся, мы разбяромся. Усе вадзіцелі спыняюцца на прыпыначных пунктах. Што датычыць магістралі, то там не прадугледжана пасадка пасажыраў на прыгарадных маршрутах, а толькі высадка. Следам за аўтобусам Стоўбцы – Старына ідзе гарадскі аўтобус, і на ім можна пад’ехаць туды, куды вам трэба. У тым ліку і да прыпыначнага пункта «Бальніца».

Наконт раскладу руху аўтобуса Стоўбцы – Акінчыцы: на змяненні ў раскладзе мы пайшлі па афіцыйнай просьбе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Аднак ужо відавочна, што такія змены ў руху апошняга вячэрняга аўтобуса на Акінчыцы не для ўсіх прымальныя. На даны момант ідзе ўзгадненне з прадпрыемствам «Мінскпасажыраўтатранс», і з 30 кастрычніка аўтобус на Акінчыцы ізноў будзе адпраўляцца ў ранейшы час – у 19.45.

Пажаданне наконт своечасовай падачы гарадскіх аўтобусаў на перон вакзала мы ўлічым. Згодна з правіламі перавозак, гэта павінна адбывацца не пазней чым за 5 мінут да адпраўлення.

М. К. Гурневіч з вёскі Русакі звярнулася з пытаннем: «Як даехаць да Стоўбцаў?» Праз іх вёску раней курсіраваў міжгародні аўтобус Налібакі – Мінск, а таксама прыватная маршрутка, цяпер яны не працуюць.

– Разгледзім ваша пытанне. Хутчэй за ўсё, працягнем маршрут Стоўбцы – Вялікія Навікі да Русакоў.

Даходы – у кіламетрах прабегу

Карыстаючыся магчымасцю, рэдакцыя задала дырэктару аўтапарка свае пытанні і даведалася пра складальнікі стабільнай работы.

– Іван Мар’янавіч, калі няма скаргаў ад пасажыраў, значыць, ёсць плюс у вашай рабоце. Фінансавая дзейнасць таксама з плюсам?

– Па выніках дзевяці месяцаў аўтапарк спрацаваў у цэлым без страт. Выраслі даходы адносна ўзроўню мінулага года ад пасажырскіх перавозак (116 працэнтаў) і ад грузаперавозак (113 працэнтаў). Маршрутная сетка складаецца з 31 маршрута, у тым ліку з двух гарадскіх і 29 прыгарадных. Яе працягласць – 922 км. На рэгулярных маршрутах мы атрымалі каля 48 тысяч рублёў страт (іх перакрываем за кошт іншых відаў дзейнасці) з улікам выдзеленай дзяржаўнай датацыі.

– У мінулым годзе вы істотна абнавілі свой аўтобусны парк. А як сёлета?

– Летась паступіла пяць новых аўтобусаў, сёлета атрымалі адзін – «Івека-Нёман» на 28 пасадачных месцаў, але да канца года разлічваем яшчэ на пару аўтобусаў. Закупляюцца яны ў асноўным за сродкі абласнога бюджэту, на ўмовах лізінгу. Для завяршэння абнаўлення парку нам патрэбна яшчэ 5-6 аўтобусаў. Новая тэхніка задзейнічана як на маршрутнай сетцы, так і на заказных перавозках. Праблема – недахоп вадзіцеляў аўтобусаў.

– Грузавой тэхнікай аўтапарка аказваюцца і экспартныя паслугі. Як поспехі?

– На міжнародных грузаперавозках задзейнічаны дзве нашы машыны. Аўтамабіль «Івека» – 12 гадоў у эксплуатацыі, аўтамабіль МАЗ – 5, але, нягледзячы на такі ўзрост тэхнікі, з году ў год забяспечваем у Мінскай вобласці самыя высокія паказчыкі даходаў на 1 км прабегу і на грузавы аўтамабіль (адпаведна за восем месяцаў бягучага года яны склалі 1,42 рубля і 80 тысяч долараў пры сярэдніх у ААТ «Мінаблаўтатранс» 1,12 рубля і 60,5 тысячы долараў). Машыны не прастойваюць дзякуючы вадзіцелям Аляксандру Багдановічу, Аляксандру Ярашэвічу і Сяргею Маршчанку.

Усім вадзіцелям і работнікам аўтапарка ў сувязі з прафесійным святам хачу пажадаць  здароўя, шчаслівых дарог і зялёнага святла.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *