Паштовае аддзялення ў аграгарадку Вішнявец працуе поўным ходам

Соцыум

Абслугоўванне па першым класе – так ёмка ахарактарызавала работу паштовага аддзялення ў аграгарадку Вішнявец яго жыхарка Паліна Зелянок. У аддзяленні яна была далёка не адна – тут пастаянныя кліенты. І што прыводзіць вяскоўцаў на пошту?

Алена Войценка гаворыць:

–       Я вось прыйшла заплаціць за інтэрнэт, плацім камунальныя, выпісваем газеты. Любім купляць тут прадукты.

Алена Аляксандраўна – былая калгасная даярка. У сваім узросце актыўна карыстаецца інтэрнэтам. Кажа, што ёй інакш нельга, патрэбна заставацца маладой. Са сваім Іванам Андрэевічам, таксама ветэранам калгаснай вытворчасці, яны выхоўваюць унучку, якую ўзялі пасля смерці нявесткі да сябе, калі дзяўчынцы было 1,4 годзіка, а цяпер Ксенія ўжо ў 8-м класе.

Людміла Сухаверх знаёміць Алену Войценка са свежымі выданнямі

Прыемна было слухаць, як і іншыя наведвальнікі паштовага аддзялення выказвалі задаволенасць і вялікую ўдзячнасць за  культуру абслугоўвання, ветлівасць. Узначальвае аддзяленне Вольга Бычко. Яна 18 гадоў працуе на гэтым месцы. Гаворыць, што тэхналогіі зрабілі значны крок і ў дзейнасці сельскага паштовага аддзялення. Па сістэме АРІП (ЕРИП) вяскоўцы могуць аплаціць на пошце камунальныя паслугі, унесці плацяжы па крэдытах, папоўніць банкаўскія карткі, зняць з іх наяўныя грошы (у аграгарадку няма банкамата). І дачнікі актыўна карыстаюцца паслугамі пошты. Напрыклад, здымаюць пенсіі з картак. Паштовыя работнікі выплачваюць пенсіі мясцовым людзям, адпраўляюць і прымаюць пасылкі, электронныя пераводы, простыя і заказныя пісьмы, экспрэсы – паскораную пошту, праводзяць падпіску на выданні… Цяжка нават і пералічыць аб’ём паслуг: усё, як і ў горадзе.

Прыемныя будні ў Вольгі Бычко і Таісы Калаткевіч

Непасрэдна з кліентамі працуе аператар Людміла Сухаверх. Стаж яе работы ў гэтай сферы складае 28 гадоў. Доўгі час яна насіла пошту ў Вязавец, а цяпер вось абслугоўвае вяскоўцаў у аддзяленні. На сучасны момант у штаце застаўся толькі адзін паштальён – Таіса Калаткевіч, яна абслугоўвае жыхароў аграгарадка. А ва ўсе іншыя населеныя пункты – мотадастаўка, інакш – пошта на колах.

Паштовае аддзяленне месціцца ў адным будынку з сельвыканкамам. Памяшканне невялікае па памерах, аднак прафесіяналізм і зацікаўленасць яго работнікаў дазваляюць размясціць багаты асартымент тавараў, прыняць людзей гасцінна, аказаць ім якасна ўсе паслугі па прэйскуранце – у цеснаце, ды не ў крыўдзе, і мець  з усімі добрасуседскія адносіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *