Аздараўленчы лагер «Нёман» стаў лепшым у рэспубліцы

Адукацыя Главное

Аздараўленчы лагер «Нёман» упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу ў намінацыі «Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры».

На рэспубліканскай нарадзе ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Світанак» у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці дырэктар лагера «Нёман» Таццяна Ажгірэвіч атрымала дыплом лаўрэата для лагера і асабістую ўзнагароду – Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая акалічнасць стала нагодай для інтэрв’ю.

Таццяна Ажгірэвіч

–       Таццяна Васільеўна, у чым заключаўся ўдзел у аглядзе-конкурсе?

–       Мы прадставілі конкурсную работу «Аздараўленчы лагер – тэрыторыя здаровага харчавання» – такую поўную панараму арганізацыі харчавання ў аздараўленчы перыяд. Перадумовай для ўдзелу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе сталі такія прыемныя абставіны: за ўвесь перыяд аздараўлення дзяцей не было выяўлена ніводнага парушэння санітарных правілаў спецыялістамі абласной і раённай санэпідслужбаў. Былі захаваны ўсе нормы харчавання. Наш харчблок таксама цалкам адпавядае санітарным нормам, забяспечаны ўсім неабходным. Штогод нам выдзяляюцца бюджэтныя грошы на рамонт, набыццё тэхналагічнага абсталявання і кухоннага інвентару. Кожны год праводзіцца бягучы рамонт варачнага і вытворчых цэхаў, пасудамыечнай, абедзеннай залы. Кухня ўкамплектавана самым сучасным абсталяваннем. Штогод яно таксама абнаўляецца, сёлета набыта хлебарэзка. Ёсць параканвектамат, сучасныя пліты, патэльні, электрамясарубкі, агароднінарэзка. І халадзільнае абсталяванне адпавядае ўсім патрабаванням.

–       Арганізацыя харчавання – гэта вялікая праца многіх людзей. Каму б вы хацелі адрасаваць удзячнасць за такую сумесную рупнасць, што дае добрыя вынікі?

–       У першую чаргу –  кіраўніцтву ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Нашу работу курыруе галоўны спецыяліст Жанна Самойленка. На яе арганізатарскіх клопатах ляжыць афармленне дакументаў, падбор кадраў і наогул штодзённы кантроль за работай лагера. Вялікі аб’ём працы ў тэхнолагаў, якія разлічваюць нормы харчавання, складаюць меню. Нельга пераацаніць важную ролю дыетсястры, у гэтым сезоне ў нас працавала Марыя Цывака. Павары ўстаноў адукацыі на час летняга аздараўлення накіроўваюцца да нас у лагер. У іх рабочы дзень пачынаецца з 6 гадзін раніцы і позніцца да вечара. Ім патрэбна падрыхтаваць абеды, сняданкі, вячэры на 150 чалавек кожны дзень (у лагеры пяціразовае харчаванне) і захаваць належны санітарны парадак усюды. За летні перыяд мы аздаравілі 547 дзяцей: 509 – з нашага раёна, 29 – з Капыльскага і 17 – з Лагойскага.

–       Якія цяпер функцыі аздараўленчага лагера?

–       Ужо распачата падрыхтоўка да наступнага сезона. Увесь каляндарны год, за выключэннем летняй аздараўленчай кампаніі, лагер аказвае паслугі па пражыванні ў спальных карпусах і па правядзенні ўрачыстасцяў, што дае магчымасць зарабіць пазабюджэтныя сродкі і выкарыстаць іх для развіцця летніка.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *