Гісторыя краіны – у лёсе ветэранаў

Грамадства Нумары

На Светлай сядміцы Святой Пасхі напярэдадні Дня Перамогі ў рамках праграмы дзяржаўных мерапрыемстваў, прысвечаных важнай даце ў гісторыі беларускага народа – 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў наведалі першы намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Арчакоў, начальнік упраўлення арганізацыі і кантролю выканання Анатоль Бяссмертны і намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Савета бяспекі Вячаслаў Раменчык, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук, старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Місько.

Дырэктар сацыяльнай установы Валянціна Атрушкевіч пазнаёміла гасцей з умовамі пражывання ветэранаў. У маі бягучага года Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат адзначыць 35-годдзе. У трох жылых карпусах праведзены рамонт з сучаснай аддзелкай інтэр’ера, што дазволіла стварыць належныя ўмовы для пажылых людзей. Прыгожа добраўпарадкавана тэрыторыя з азеляненнем ландшафту. На сучасны момант у доме-інтэрнаце пражываюць 300 чалавек.  100 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі знаходзяцца ў аддзяленні рэабілітацыі. Можна ўявіць, колькі фізічнай і душэўнай працы патрэбна абслуговаму персаналу, каб належна паклапаціцца аб гэтых пажылых людзях.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук пацвердзіў, што Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат лічыцца адной з лепшых сацыяльных устаноў не толькі Мінскай вобласці, але і рэспублікі. Пацвярджэнне гэтаму – неаднаразовыя перамогі ў рэспубліканскім спаборніцтве.

Госці з цікавасцю наведалі харчблок, майстэрні дома-інтэрната, жылыя пакоі. У васьмі лячэбна-працоўных майстэрнях і аб’яднаннях па інтарэсах пажылыя людзі могуць заняць свой вольны час, рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Наколькі запатрабавана імі такая паслуга, яскрава засведчыць выстава найпрыгажэйшых мастацкіх работ.

За салодкім сталом з велікоднымі кулічамі адбылася даверлівая, цёплая размова прадстаўнікоў дзяржаўных структур з ветэранамі вайны і працы. Лёс нашай краіны – у лёсе кожнага з гэтых пажылых людзей. Хтосьці з ветэранаў – вязень фашысцкага лагера, у кагосьці сіроцкае дзяцінства прайшло ў дзіцячым доме, хтосьці быў на фронце, нехта каваў перамогу ў тыле. Настрой, яднанне прадстаўнікоў розных пакаленняў у патрыятычных пачуццях стварылі і выступленні ветэранаў – ваенная песня ў выкананні Міхаіла Кораня, выдатнае чытанне  вершаў Канстанціна Сіманава 92-гадовай Тамарай Байтаз і сваіх уласных вершаў Клаўдзіяй Кутасавай. Панавала кранальная, цёплая, даверлівая атмасфера. У сваім звароце да ўдзельнікаў круглага стала настрой усіх перадаў першы намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Арчакоў. Ён падзяліўся ўражаннямі ад выдатных умоў пражывання пажылых людзей, створаных органамі дзяржаўнай улады. Падзякаваў работнікам дома-інтэрната за тое, што сваім сардэчным клопатам яны імкнуцца стварыць сямейную атмасферу для ветэранаў вайны і працы, якія пражылі цяжкае жыццё на ўсіх этапах гісторыі нашай краіны ў апошняе стагоддзе. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі маладога пакалення. Уладзімір Арчакоў з  цёплымі пачуццямі звярнуўся да ветэранаў, з павагай да іх адзначыў, што ўсе мы выраслі з такіх вось людзей, якія сёння ўшаноўваюцца напярэдадні ўсенароднага свята – Дня Перамогі.

Ветэраны маглі таксама падзяліцца сваімі пачуццямі, выступіць, задаць пытанні. Найбольш іх цікавіла абстаноўка ў суседняй Украіне.  Яны нераўнадушна выказваліся, бо гэтая брацкая краіна ў іх асабістых лёсах, яе народ разам з беларусамі каваў вялікую перамогу ў вайне. Ветэраны прыязна выказаліся, падтрымлівалі дзяржаўны курс нашай краіны як у палітыцы, так і ў іншых галінах. Сустрэча праходзіла за дзень да выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Пасланнем беларускаму народу. Ветэраны знаходзіліся ў чаканні, што заўтра ўсе збяруцца ля тэлевізара.

Сустрэча была працягнута ў актавай зале. Ветэраны перадалі Падзячнае пісьмо Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.

Урачыстасць была завершана канцэртнай праграмай народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *