Праходзіць месячнік «Белы кій»

Соцыум

У рамках месячніка «Белы кій» адбыўся сход раённай арганізацыі інвалідаў па зроку, на які былі запрошаны і прадстаўнікі Стаўбцоўскай ЦРБ.

На пытанні інвалідаў па зроку адказвалі загадчыца паліклінікі Інеса Дударэвіч і ўрач-афтальмолаг Дар’я Мароз. Пытанні былі надзённыя, часам – нязручныя, але ад іх нікуды не дзецца. «Мы ўсе маем патрэбу ў медыцынскай дапамозе, часта звяртаемся да ўрачоў», – падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі Аляксандр Клімаш.

Увогуле ж трапіць да ўрача-афтальмолага, каб выпісаць рэцэпт, не складае праблемы. У прыватнасці, вызначаны час прафагляду – з 11.30 да 12.30 у кабінеце нумар 335. Інвалідам І групы  па зроку, а таксама з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, можна атрымаць суправаджэнне па бальніцы, для чаго неабходна звярнуцца ў рэгістратуру. Па просьбе інвалідаў па зроку павялічаны назвы на кабінетах вузкіх спецыялістаў. У ЦРБ з’явіліся інфармацыйныя таблічкі са шрыфтам Брайля, светлавыя табло на санвузлах, тактыльная плітка. Прапрацоўваецца пытанне з гукавым афармленнем – падключэннем сінтэзатараў мовы, якія дапамогуць чалавеку невідушчаму атрымаць інфармацыю праз органы слыху. У ходзе сустрэчы было вырашана і канкрэтнае пытанне ад інваліда І групы. Так склалася, што апошнім часам у паліклініцы працуе толькі адзін урач-афтальмолаг, таму пажаданне членаў арганізацыі – павялічыць колькасць афтальмолагаў і іншых вузкіх спецыялістаў.

– Паміж раённай арганізацыяй інвалідаў па зроку і Стаўбцоўскай ЦРБ не першы год наладжана цеснае ўзаемадзеянне, якое спрыяе паляпшэнню якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, стварэнню безбар’ернага асяроддзя. За гэта мы ўдзячны кіраўніцтву бальніцы, – зазначае Аляксандр Клімаш. Ён звяртае ўвагу на тое, што ў горадзе таксама працуюць над пытаннем безбар’ернага асяроддзя. Паступова і паўсюдна ідзе паніжэнне бардзюраў. Таблічкі з шрыфтам Брайля, а таксама кнопка для выкліку з’явіліся на тэрытарыяльным цэнтры.

На сходзе ўзнімаліся і бягучыя пытанні раённай арганізацыі інвалідаў па зроку. Так, не заўсёды ўдаецца наладзіць сувязь з членамі арганізацыі, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах, таму што ў раёне вядзецца рэканструкцыя тэлефоннай сеткі са зменай нумароў. Адначасова прагучала і прапанова: жадаючыя члены арганізацыі могуць даатрымаць сім-карты мабільнага аператара life:), які дае магчымасць інвалідам па зроку мець бясплатную ўнутрысеткавую сувязь. Узнімалася пытанне аздараўлення ў спецыялізаваным санаторыі «Пад’ельнікі».

Вясной будучага года ў раённай арганізацыі інвалідаў па зроку плануецца справаздачна-выбарны сход. За апошні час яе рады папоўніліся двума новымі членамі, аднак і столькі ж чалавек, на жаль, адышлі ў лепшы свет. Для падтрымкі і наведвання інвалідаў па зроку дома і ў бальніцы адшукваюцца спонсарскія сродкі. «Сёння іх знайсці няпроста», – зазначае Аляксандр Клімаш і, у настаўленне, перафразуе вядомую прыказку. Маўляў, ад турмы, сумы ды інваліднасці заракацца не варта, а таму, хто дзеліцца з іншымі, дае Бог і людзі дзякуюць.

Акурат да месячніка «Белы кій» члены арганізацыі атрымалі, дзякуючы спонсарскай падтрымцы, салодкі падарунак – па слоічку натуральнага мёду.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *