Як зрабіць дзяцінства шчаслівым

Нумары Увага - дзецям

У  раёне прайшла акцыя «Шчаслівае дзяцінства». Наш сацыяльна-педагагічны цэнтр меў магчымасць яшчэ раз зрабіць акцэнты на захаванні каштоўнасцяў і статусу сям’і.

Сям’я – найбольш дабратворнае асяроддзе для паўнацэннага развіцця дзіцяці. Толькі ў атмасферы любові і клопату родных людзей дзіця можа быць шчаслівым. На жаль, у нашай краіне больш за 36 тысяч дзяцей пазбаўлены магчымасці расці і выхоўвацца ў сваіх сем’ях.

У Рэспубліцы Бларусь ёсць некалькі варыянтаў сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот: усынаўленне, прыёмная і патранатная сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

Прыёмная сям’я – часовая форма сямейнага выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на падставе працоўнага дагавору паміж аддзелам адукацыі і прыёмнай сям’ёй. На выхаванні ў прыёмнай сям’і можа быць ад аднаго да пяці дзяцей.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу аналагічны прыёмнай сям’і. Розніца толькі ў тым, што ў ім выхоўваюцца ад пяці да дзесяці дзяцей. Тыя, хто займаецца выхаваннем дзяцей у прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах, прымаюцца на працу ў аддзел адукацыі на пасаду прыёмнай маці ці бацькі.

Аднак ажыццявіць дзіцячую мару і падарыць яму сям’ю, як сваю родную, можа толькі ўсынаўленне. Гэта форма ўладкавання дзіцяці, пры якой паміж усынавіцелямі і ўсыноўленымі ўзнікаюць такія ж маёмасныя і немаёмасныя правы, як паміж бацькамі і дзецьмі. Па просьбе ўсынавіцеля дзіцяці прысвойваецца новае прозвішча, імя і імя па бацьку. Для забеспячэння тайны ўсынаўлення, якая ахоўваецца законам, можа быць зменена і дата нараджэння.

У сучасны момант найбольш распаўсюджанымі з’яляюцца такія формы як выхаванне ў замяняючых сем’ях – апека і прыёмная сям’я. І калі апекунамі, як правіла, з’яўляюцца блізкія родныя, то прыёмным бацькам можа стаць любы чалавек, нераўнадушны да лёсу дзіцяці. Аднак не варта забываць, што прыёмныя бацькі – гэта прафесія. І як любая іншая прафесія, адбываецца афармленне на працу на падставе працоўнага дагавору з выплатай заработнай платы, прадастаўленнем чарговага водпуску. Работа прыёмнымі бацькамі залічваецца ў працоўны стаж, гарантуецца права на сацыяльнае страхаванне і пенсіённае забеспячэнне.

Сёння ў нашым раёне працуюць 18 прыёмных сем’яў. У іх выхоўваюцца 33 дзіцяці, якія засталіся без бацькоўскай апекі.

Побач з вамі таксама жывуць дзеці, у якіх няма сям’і. Іх мала проста любіць. Ім трэба дапамагчы перажыць гора разлукі з бацькамі і зноў наладзіць адносіны з роднымі і блізкімі, абараніць іх правы і законныя інтарэсы, дапамагчы стаць самастойнымі і заняць дастойнае месца ў жыцці.

Калі вы гатовы працаваць, выхоўваючы дзяцей з цяжкім лёсам, –  звяртайцеся  за  дадатковай   інфармацыяй   па  адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, д. 28, тэл. 5-49-56 – сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна.

Кацярына МІХНАВЕЦ,педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *