ІМІДЖ – У АКТЫЎНАСЦІ
Стаўбцоўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» па выніках работы за 2013 год прызнана ў Мінскай вобласці адной з самых актыўных.
Мінулы год быў юбілейным у гісторыі Беларускага таварыства інвалідаў – чвэрць веку гэтая арганізацыя яднае людзей няпростых лёсаў і дае ім магчымасць інтэгравацца ў грамадства, быць пачутымі і запатрабаванымі.
На Міншчыне дзейнічаюць 20 раённых арганізацый інвалідаў, а найбольш актыўныя з іх – Нясвіжская (першае месца), Слуцкая і Салігорская (падзялілі другое месца), Стаўбцоўская (трэцяе месца). Па выніках конкурсу раённая арганізацыя ўзнагароджана грашовай прэміяй. У ацэнцы дзейнасці раённай арганізацыі, якую амаль два дзясяткі гадоў нязменна ўзначальвае Міхаіл Мазур, былі ўлічаны як яе імідж сярод членаў таварыства, так і грамадская значнасць).
Так, на рахунку раённай арганізацыі інвалідаў – аказанне дапамогі членам арганізацыі, наведванне іх дома і ў бальніцы, прадастаўленне бясплатнай падпіскі на газеты, правядзенне Дня інваліда Рэспублікі Беларусь, арганізацыя сходаў, удзел у культурна-масавых і іншых мерапрыемствах раёна. Стала добрай традыцыяй: штогод вясною ААТ «МінскСортНасенАгародніна» выдзяляе членам гэтай арганізацыі спонсарскую дапамогу ў выглядзе насення агароднінных і кветкавых культур. Пра актыўнасць і нераўнадушную пазіцыю членаў раённай арганізацыі інвалідаў гаворыць і тое, што менавіта яны складаюць касцяк клуба пажылых людзей «Гады – не бяда», які працуе пры тэрытарыяльным цэнтры.
ПАСХАЛЬНАЯ НОЧ З БЛАГАДАТНЫМ АГНЁМ
Усяночная пасхальная служба ў старадаўнім Стаўбцоўскім Свята-Аннінскім храме ў гэтым годзе была адметная тым, што ў час пасхальнай утрані ў царкву быў дастаўлены Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, які сышоў у Іерусаліме ў Вялікую Суботу. З мінскага аэрапорта гэтую вялікую святыню даставіла ў храм сям’я стаўбчан.
Настаяцель храма айцец Аляксандр Марцінчык у час Літургіі абвясціў гэта ўсім прысутным. Сотні людзей запалілі ад Благадатнага Агню пасхальныя свечкі. Такім чынам, у многія дамы стаўбчан у гэтую святую вялікую ноч быў прынесены Благадатны Агонь як сімвал Бажэственнай прысутнасці Божай у нашым жыцці, як сімвал непераможнай веры.
КУЛІЧЫ АД СТАЎБЧАН
Больш за 6 тысяч пасхальных кулічоў рознай вагі ў святочнай упакоўцы выпек да Святога Вялікадня кандытарскі цэх райспажыўтаварыства.
Пасхальную выпечку – кулічы, торты, пірожныя – жыхары нашага раёна маглі купіць у магазінах райцэнтра і сельскай мясцовасці.
Аддзел грамадскага харчавання і хлебазавод райспажыўтаварыства напярэдадні Святой Пасхі паспелі паўдзельнічаць у святочным кірмашы ў Салігорску, дзе прадставілі спажыўцам апетытныя кулічы па-стаўбцоў-ску.
КААПЕРАТЫЎ НА КАМУНІСТЫЧНАЙ
Правесці водаправод? Не праблема, – што і прадэманстравалі жыхары вуліцы Камуністычнай у Стоўбцах.
На вуліцы з ліку жадаючых быў створаны кааператыў, бо стары водаправод, якім яны карысталіся, прыйшоў у аварыйны стан. Неабходна было пракласці новыя трубы на адлегласці 180 метраў. Вуліца Камуністычная – транзітная, ажыўленая, таму, акрамя ўзгаднення земляных работ з энергетыкамі, газавікамі і сувязістамі, спатрэбілася і «дабро» ДАІ.
Аб’яднанне камунальных службаў пайшло насустрач кааператыву і дапамагло яму з падрыхтоўкай усёй неабходнай дакументацыі. Людзі самі пракопвалі падводы да ўласных дамоў, а ўрэзку ў дзеючы водаправод ажыццявілі спецыялісты камунальнай службы.
– Работы былі праведзены хутка – на працягу тыдня, людзі засталіся задаволенымі, – адзначыў дырэктар АКС Дзмітрый Шкляр і падзяліўся планамі, што – пры ўдалым сцячэнні абставін – у гэтым годзе на адным з бакоў вуліцы Камуністычнай будзе пакладзены тратуар з тратуарнай пліткі.
Таксама за ўласныя сродкі, шляхам стварэння кааператыва, быў перакладзены водаправод на 2-м завулку Палявым у Стоўбцах. Аналагічным спосабам вядуцца работы па водазабеспячэнні новага мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы «Усходні».
ВЕДАЦЬ ПРА НЕБЯСПЕКУ
Арганізатараў чарговага раённага Дня прафілактыкі, які прайшоў у Любкаўшчынскай школе і акурат трапіў у рамкі міжведамаснай прафілактычнай акцыі «Шчаслівае дзяцінства», вельмі парадавала тое, што сельскія школьнікі ведаюць розніцу: ужыванне алкаголю, тытуню – шкодна, а ўжыванне спайсу – небяспечна.
Яны актыўна адказвалі на пытанні, удзельнічалі ў абмеркаванні ўжывання наркотыкаў. Шмат пра што – наступствы, якія могуць прывесці і да трагедыі, крымінальную адказнасць – ім раней расказалі настаўнікі.
– Прафілактычная работа са школьнікамі праходзіла ў розных формах: трэнінгаў, прэзентацый, адкрытага мікрафона, круглага стала, падрыхтаваных спецыялістамі санітарнай службы, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, цэнтра здароўя падлеткаў і моладзі цэнтральнай раённай бальніцы. На сустрэчу былі запрошаны і свяшчэннаслужыцелі – ксёндз Адам Врубэль і айцец Васіль Каляда, – расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Настасся Віслаўская.
Пасля ўсіх слушных трэнінгаў і размоў вучняў традыцыйна паклікала спартыўная зала. Настаўнік фізкультуры Міхаіл Мамайка змог падрыхтаваць мноства цікавых конкурсаў. Спартландыя праходзіла пад жывы акампанемент баяна. Завяршыліся спаборніцтвы салодкімі прызамі і падарункамі ў выглядзе спортінвентару ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.