Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ігнат Кручок, Ангеліна Лентнер, Арсеній Лысы, Арцём Крымчанка, Яўген Якубовіч і Надзея Гілейша.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. Сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі праходзіць прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей у жылым сектары ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд. Вядуцца абследаванні домаўладанняў у сельскіх населеных пунктах. Першачарговая ўвага – шматдзетным сем’ям, сем’ям, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, адзінокім і адзінокапражываючым састарэлым, ветэранам вайны. У мэтах бяспекі 13 домаўладанняў шматдзетных сем’яў аб’яднаны ў сетку з вывадам сігнала на фасад будынка.   

 Пракуратурай раёна за парушэнне патрабаванняў Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь было падвергнута адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь ААТ «Аталезь-агра», а менавіта за парушэнне тэрмінаў выплаты заработнай платы за снежань 2013 года. Накладзены штраф гаспадаркай своечасова не выплачаны. Дырэктару ААТ «Аталезь-агра» вынесена прадпісанне з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па выплаце штрафу, а таксама недапушчэнні парушэнняў працоўнага заканадаўства адносна своечасовай выплаты заработнай платы.

Суд асудзіў да двух гадоў абмежавання волі 31-гадовую стаўбчанку, якая ўчыніла крадзеж грашовых сродкаў, завалодаўшы чужой банкаўскай карткай. 40-гадовы жыхар Ніўнага, раней неаднаразова судзімы, пазбаўлены волі на тры гады – за серыю дачных крадзяжоў у Малых Навіках, Янкавічах, Мешычах, Дружнай. Двое маладых стаўбчан, будучы нецвярозымі, аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням работніка міліцыі, за што атрымалі штраф па 300 000 рублёў. Такая ж сума штрафных санкцый вызначана і 31-гадоваму жыхару Варацішча, які на тэрыторыі малочнатаварнай фермы кідаўся ў бойку, нецэнзурна лаяўся. 61-гадовы жыхар Залужжа пакараны штрафам у памеры 1 500 000 рублёў за парушэнне правілаў утрымання дамашняй жывёлы: яго нямецкая аўчарка пакусала 11-гадовае дзіця. 

  ДАІ выявіла 191 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 13 бяспраўных і сем п’яных вадзіцеляў (двое з іх –  механізатары ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Радзіма Дзяржынскага» – рухаліся на трактарах «Беларус-82» і адзін з іх адмовіўся ад праходжання медагляду), 21 недысцыплінаваны пешаход. 21 красавіка ў 18.30 жыхар Віскачоў, 1966 года нараджэння, кіраваў матацыклам «Іж-Юпітэр-3» на аўтадарозе Слабодка – Беражнае, дзе на скрыжаванні пры ажыццяўленні манеўру павароту няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху. У выніку –  апынуўся ў кювеце, матацыкл перакуліўся. Ад шпіталізацыі пацярпелы адмовіўся. У яго ўзята кроў на ўтрыманне алкаголю. З 20 па 30 красавіка на дарогах раёна праходзіць дэкада «Вучэбны аўтамабіль», накіраваная на павышэнне якаснага ўзроўню падрыхтоўкі вадзіцеляў у аўтавучэбных арганізацыях, умацаванне дысцыпліны сярод майстроў вытворчага навучання  па бяспечнай эксплуатацыі вучэбнага аўтатранспарту.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *