Пісьмо з Амерыкі разбудзіла ўспаміны

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Пасля публікацыі матэрыялу «Стаўбцоўскія амерыканцы памятаюць пра малую радзіму» (№ 2 ад 11 студзеня), у рэдакцыю патэлефанавалі некалькі стаўбчан і расказалі аб тым, што яны памятаюць сям’ю Кесель.

Вось што нам расказала Ірына Емяльянаўна Зыранава: «У Кеселяў было тры дачкі. Зоя Кесель закончыла гімназію і вельмі добра ведала нямецкую мову. Яна была перакладчыцай у ваенны час. Вера, якая даслала гэтае пісьмо з Амерыкі, старэйшая за мяне. Мне ўжо 87 гадоў, а ёй – пад 90 ці нават больш. Пры немцах быў створаны БНФ, знаёмыя дзяўчаты ўступілі туды. Дзяўчат вывезлі ў дзесяцігадовую ссылку ў Магадан – сясцёр Шуру і Зіну Барташэвіч, дзяўчат Уласік, Каспяровіч, Веру Змачынскую. Некаторыя з іх выйшлі замуж у Магадане, хтосьці згінуў там, некаторыя вярнуліся. Тры сястры Кесель уратаваліся, уцяклі. Так Вера і Зоя трапілі за мяжу. Ліда засталася ў Стоўбцах. Пасля вайны ў наш райцэнтр прыехаў хірург, ён арганізаваў курсы медсясцёр. Многія стаўбцоўскія дзяўчаты закончылі гэтыя курсы, працавалі медыцынскімі сёстрамі. І Ліда Кесель таксама. Памятаю бацьку іх Антона Кеселя. Пры паляках ён быў кур’ерам. Гэтую работу аплачвалі, таму было вельмі важна быць на грамадскай рабоце. Мой тата таксама ў магістраце ці старостве быў, ён дзяжурыў пры тэлефоне ноччу. Палякі плацілі яму ў месяц 90 злотых – гэта былі вялікія грошы».

Вось што памятае стаўбчанка Таццяна Шалькевіч: «Дом маіх бацькоў знаходзіцца  на вуліцы Гагарына. Непадалёку жыла мая бабуля Клава – татава мама. Памятаю, як яна прыходзіла да нас і шмат расказвала пра сям’ю Кесель. Я была малая, дакладна не магу ўспомніць, пра што гаварыла бабуля. А вось медсястру Лідзію Кесель я памятаю. Яна засталася ў мяне ў памяці старэнькай, яна жыла па вуліцы Савецкай – паралельнай з нашай вуліцай Гагарына. Таму я з вялікай цікавасцю прачытала матэрыял у «Прамені» «Стаўбцоўскія амерыканцы памятаюць пра малую радзіму».

Рэдакцыя ўдзячна нашым чытачам за такую зваротную сувязь. Нам вельмі прыемна, што «Прамень» чытаюць, што газета з’яўляецца нітачкай, якая звязвае пакаленні і, такім чынам, захоўвае памяць.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *