Раённая акцыя “Выбаршчык, усё ў тваіх руках” крочыць па вуліцах Стоўбцаў

Важное Выборы 2019

У нядзелю ў ролі валанцёраў былі прадстаўнікі ДУА “Шашкоўская СШ”: педагог-арганізатар Таццяна Копач разам з дзесяцікласніцамі Алёнай і Алесяй Калкоўскімі, Дар’яй Малахавай.

— Запрашаем прахожых паўдзельнічаць у выбарах, выканаць свой грамадзянскі доўг, — расказала Таццяна Копач. — Уручаем кожнаму каляндарык на 2020 год (рэч вельмі патрэбная за паўтара месяца да Новага года), а таксама лістоўку-напамін, што 17 лістапада неабходна прыйсці прагаласаваць за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Дзяўчаты-валанцёры, не зважаючы на асеннюю слоту, усміхаюцца. Яны стараюцца падыйсці да кожнага прахожага, адказваюць на пытанні, якія задаюць выбаршчыкі.

У гэты час мы пагутарылі з першым сакратаром раённага камітэта БРСМ Ягорам Падольскім.

– Учора з намі працавалі валанцёры-школьнікі з СШ № 3 і валанцёры-работнікі ЦРБ, — тлумачыць Ягор Падольскі. — Таксама раздавалі каляндарыкі, лістоўкі. Запрашалі людзей на выбары.

— Які ў іх настрой? Якая рэакцыя на запрашэнне?

— Людзі цікавяцца выбарамі, і гэта прыемна. Кажуць, што прыйдуць на выбарчы ўчастак. У некаторых ужо вызначаны кандыдаты, за якіх яны прагаласуюць. На асобных уплывае надвор’е, таму яны не заўсёды ўсміхаюцца. Гэта нармальна. Мы ні за якога кандыдата не агітуем, проста спрабуем паўплываць на электаральную актыўнасць.

— Як ваша маладзёжная арганізацыя ўзаемадзейнічае з іншымі арганізацыямі, якія бяруць удзел у гэтай акцыі?

— У суботу раённае аб’яднанне прафсаюзаў заканчвала сваю праграму, а мы падхапілі яе. І з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” мы таксама ў цесным кантакце, у прыватнасці праводзім разам агітацыйныя пікеты, таму што ў складзе гэтай арганізацыі ёсць моладзь, якая з’яўляецца членамі БРСМ. Узаемадзеянне наладжана, на маю думку, канструктыўнае.

— Чаму выбралі гэта месца для правядзення акцыі?

— Самі выбралі сабе ўчастак — ад рынка “Лебедзь” да гандлёвага цэнтра “Арманда”. Узялі самую так бы мовіць густанаселеную частку горада.

– Акцыю можна назваць масавай?

— Думаю, што так, хаця ў суботу надвор’е было лепшае і людзей было больш. Аднак нас гэта не спыняе. У любых умовах мы працуем.

Удалося пагутарыць і з удзельнікамі акцыі ў Стоўбцах, патэнцыйнымі выбаршчыкамі. — На выбары хаджу пастаянна. Кандыдатаў ведаю. Буду галасаваць за таго, праграма якога найбольш мне блізкая, — зазначыла Ганна Фурсевіч, эканаміст філіяла ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *