19 дзён над саркафагам

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

У 1987 годзе, праз год пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, стаўбчаніну Віктару Макарэвічу выпала быць ліквідатарам. Як і цяпер, ён працаваў аператарам кацельні на Стаўбцоўскім мясакамбінаце. Яму не было і 30-ці. Сыны маленькія… Жонка з імі, падалей ад бяды, з’ехала ў вёску. А Віктар, прызваны ваенкаматам, апынуўся пад Мінскам, у палку грамадзянскай абароны.

– У арміі я служыў у будаўнічых войсках. Быў слесарам-мантажнікам. Пасля службы, падчас ваенных збораў, прайшоў стажыроўку як пажарны. Таму трапіў у пажарны разлік, – успамінае Віктар.

– Вы ведалі, якім будзе загад камандавання?

– Дакладна не ведаў. Пакуль чакалі загаду, займаліся страявой, маршыравалі. Мяне яшчэ ў ваенкамаце папярэдзілі: прызываем на паўгода. З-пад Мінска павезлі ў Брагін, дзе жылі за горадам у часовым палатачным лагеры. Спалі на двухярусных ложках.  А праз тыдзень пагрузілі ўсю маёмасць на машыны і ўзялі курс на Чарнобыль. Памятаю, спыніліся ў вялікім украінскім сяле – яно было пустое, выселенае адразу пасля аварыі. За год усё здзічэла, бур’яном парасло… Нас рассялілі ў бальніцы, у былых палатах. Кожны дзень вазілі на саму станцыю. Па чарзе, у дзве змены. 

–  Што прыходзілася рабіць?

– Здымалі пакрыццё з даху эстакады трэцяга блока. Ад эстакады ішлі кабелі, якія сілкавалі станцыю. Працавалі на вышыні з трохпавярховы дом, а само пакрыццё было ўслана дробкамі волава, свінцу. Пасля аварыі яго скідвалі з верталётаў мяхамі, каб затушыць жэрла чацвёртага энергаблока. Працавалі групай – па пяць чалавек. Адзін на ўсіх дазіметр. Апраналіся ў спецыяльныя камбінезоны. Надзявалі процівагазы. У руках – кіркі, ламы. Працуеш 15 мінут і – твой дзень вольны. І так 19 дзён над саркафагам…  Ізноў у маім жыцці з’явілася гэтая лічба, калі выдалі пасведчанне: артыкул 19 закона, на падставе якога прызнаны ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.     

– Абмежаванні ў мінутах, днях знаходжання гавораць пра небяспечны ўзровень радыяцыі. Як у вас кантралявалі гэты ўзровень?

– Адразу пасля работ ішлі ў душавую. Штодзень мянялі бялізну.  Кожнаму выдавалі бутэльку мінеральнай вады. Пазней на дапамогу прыбылі яшчэ два палкі. Усе зборы склалі 35 сутак. Пашанцавала, што не расцягнуліся на паўгода, як абяцалі. Наш полк расфарміравалі, а другі быў накіраваны на дэзактывацыю ў Магілёўскую вобласць.

– Як сёння ваша здароўе?

–  Калі быў там (я – не куру), з’явіўся незразумелы кашаль. У санчасці сказалі: гэта – ад радыяцыі. Калі прыехаў у Мінск, кашаль прайшоў сам па сабе. Я ўжо казаў, што быў май. Цёпла. Дыхаць няма чым. Нам выдавалі рэспіратары, прапітаныя ёдам. Па два на дзень. Некаторыя іх не насілі. Я стараўся насіць. І ўсё роўна, баляць суставы, спіна. Прыйшлося рабіць аперацыю на калене. Кожны год абследуюся ў нашай паліклініцы. У санаторыі быў чатыры разы.   

– Што з чарнобыльскіх пейзажаў не забываецца?

– Побач з вёскамі – разрытыя дарогі. Гэта каб марадзёры не наязджалі. Лес, які «спаліла» радыяцыя. Яго захароньвалі. У полі, за калючым дротам, была стаянка машын. Радыяцыйныя бітумавозы ўжо нельга было выкарыстоўваць…          

– Віктар Ігаравіч, вы доўгі час працуеце ў кацельні, менавіта на мясакамбінаце…

– Я і жыву побач з камбінатам. Зручна, бо рабочыя змены прыходзяцца і на выхадныя, святочныя дні. На камбінаце працавалі мае бацькі, дзядзька і цётка, працуе жонка. Вялікая дынастыя Макарэвічаў. Тут мне ўсё вядомае, знаёмае, хаця новае абсталяванне з’яўляецца і ў кацельні. Нядаўна закуплена газавая гарэлка да катла, устаноўлена аўтаматызаваная сістэма хімводаачысткі.

– Па-за работай у вас ёсць любімы занятак?

–  Люблю футбол. І мой сын Міхаіл – таксама. Ён вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, атрымаў спецыяльнасць інжынера-электрыка горназдабываючай прамысловасці, але вярнуўся ў Беларусь. Працуе ў Мінску, у аб’яднанні «Белдарсувязь». Мы з ім – футбольныя фанаты.

…Памяць пра першых бясстрашных пажарных, якія тушылі агонь над чарнобыльскай атамнай станцыяй адразу пасля выбуху, увекавечана ў помніку. Яны памерлі ад атрыманай дозы радыяцыі. Яны – героі, аддалі сваё жыццё, каб смяротныя наступствы аварыі не распаўсюджваліся далей. Ліквідатар Віктар Макарэвіч – пажарны другой чаргі – дзякуй Богу, жывы, разам з намі, прыносіць карысць сваёй сям’і, прадпрыемству, грамадству. Ён заслужыў людскую павагу.  

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

У тэму

«На камбінаце працуюць тры работнікі, лёс якіх тым ці іншым чынам звязаны з аварыяй на ЧАЭС. Па традыцыі, да Дня чарнобыльскай трагедыі прадпрыемства выдзяляе ім матэрыяльную дапамогу», – адзначыла юрысконсульт філіяла «Стоўбцы»  ААТ «Мінскі мясакамбінат», якая сумяшчае абавязкі ідэолага, Вераніка Казацкая. 

 

ТРАГЕДЫЯ І ЖЫЦЦЁ

(Агляд пошты)

Дзень чарнобыльскай трагедыі на календары пазначаны 26-м красавіка. Горкая падзея ў час росквіту вясны, калі мірнае неба абяцала толькі радасць, толькі добрыя навіны. А выйшла так. І ўжо амаль тры дзясяткі гадоў чарнобыльскі боль трывожыць, смыляць раны памяці.

У нашай рэдакцыйнай пошце адразу тры пісьмы, аўтары якіх – вучаніцы Цясноўскай сярэдняй школы. Можа для іх памяць тых далекаватых ужо дзён асабліва адчувальная, бо ў гэтым паўночным куце Стаўбцоўшчыны таксама пакінулі след чарнобыльскія хмары.

«Трагедыя і жыццё» – такі загаловак дала допісу Ірына Грышан. Вось як яна акцэнтуе ўвагу на трывожных падзеях: «Чарнобыль – невялікі старажытны гарадок на поўначы Украіны, які вядзе сваё летазлічэнне ажно з ХІІ стагоддзя, са сваім адметным тварам, гісторыяй, традыцыямі. Больш чым чвэрць стагоддзя таму, 26 красавіка 1986 года, ён стаў ужо  не столькі горадам, колькі сімвалам, які азначае для многіх  найвялікшую ў гісторыі чалавецтва тэхнагенную аварыю».

«Вясна заўсёды цешыць душу, нясе радасць, надзею. Вясна ж 1986 года прынесла бяду… Чым можна вымераць гора людзей, якія вымушаны пакінуць магілы родных, хаты, вёскі, дзе кожны сусед быў братам? Палескі край апынуўся безабаронным і сам пачаў несці пагрозу людзям. Пустазеллем пакрыліся палі. І галасы птушак ужо не вабяць чалавечыя душы…» Гэта ўсведамленне трагедыі Веранікай Лаппо.

«Дым Айчыны – чарнобыльскі дым. Не салодкі ён, а гаркаваты. О, як часта яго мы снім – чорны дым, нібы чысты саван…» Вершаваныя радкі прыводзіць Настасся Садоўская.

Нізку вершаў даслала Фаіна Качановіч з вёскі Рочавічы. Пранікнёна гучаць паэтычныя радкі: «Чорная, чорная, чорная быль… Чорны боль  белакрылых буслоў… слоў… слоў… слоў… Чорны вырай палескіх вёсак… Чорны пыл эмігранцкіх дарог…» Але ж жыццё працягваецца, нельга без аптымізму, надзей. Успрымаем так і пачатковыя строфы акраверша Фаіны Качановіч, «Чысціня, і спакой, і цнатлівая неруш… Абжывае прастор па начах цішыня…»

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *