Я вельмі люблю прыязджаць на канікулы да сваёй бабулі Ганны, якая пражывае ў п. Школьным Стаўбцоўскага раёна. Аднойчы ў час зімовых канікул мы з маімі братамі і матуляй гулялі па парку і ўбачылі цікавы дуб. У ім было вялікае дупло, якое выпаліліа маланка. Мяне здзівілі памеры гэтага дуба, яго веліч. Спатрэбілася пяць чалавек, каб абхапіць гэта дрэва. Дуб быў акружнасцю больш як сем метраў. Я зацікавіўся ўзростам гэтага дрэва. Бабуля сказала, што колькі яна сябе памятае, гэты дуб заўсёды быў такім вялікім. Нават яе прадзеды расказвалі, што збіралі жалуды пад гэтым дубам, калі прыходзілі ў касцёл. А мой дзядуля выказаў здагадку, што гэтыя дубы магчыма былі пасаджаны ў канцы 18 стагоддзя, калі тут будаваўся першы драўляны касцёл.
Потым дзядуля расказаў мне, што ў нашым пасёлку многа векавых дрэў. Ён паказаў мне старую чорную таполю. Калі мы абмералі яе рулеткай, яна аказалася 5 м у акружнасці. Я быў настолькі ўражаны, што вырашыў даследаваць усе старыя дрэвы на гэтай тэрыторыі. І як аказалася, іх было тут нямала: елкі, сосны, дубы, лістоўніцы, клёны, вязы, ліпы. Кожнае дрэва не менш 2 метраў у акружнасці. Мяне вельмі захапіла гэта даследаванне.
Матуля рассказала, што гэтыя дрэвы захаваліся ў старым парку, які раней размяшчаўся ў сядзібе вядомага шляхецкага роду Ленскіх (двор Хотава). Некаторыя дрэвы ўтваралі алеі, былі высаджаны вакол палян, дзе любілі адпачываць і ездзіць на конях уладальнікі сядзібы. Магчыма, многім з гэтых раслін больш чым 200 гадоў. А значыць, гледзячы на іх вялікі ўзрост, яны могуць быць прызнаны помнікамі прыроды мясцовага і нават рэспубліканскага значэння. Каб атрымаць такое заключэнне, мама вырашыла напісаць ліст у “Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі” з просьбай правесці даследаванне гэтых дрэў для вызначэння іх фактычнага ўзросту і прызнання помнікамі прыроды. Мы даслалі ў інстытут фотаздымкі векавых волатаў. У верасні прыйшоў адказ, што даследаванне будзе магчыма падчас адной з экспедыцый у Стаўбцоўскі раён. Раней гэта можна выканаць на дагаворнай аснове ці з дапамогай інвестараў, калі знойдуцца такія ініцыятыўныя і зацікаўленыя людзі. Супрацоўнікі інстытута паабяцалі, што на дадзеным этапе дрэвы, якія знаходзяцца на тэрыторыі п. Школьнага будуць уключаны у базу “Рэдкія ўнікальныя дрэвы і насаджэнні на тэрыторыі Беларусі” са статусам – “падлягаюць абследаванню”.
Мне хочацца верыць у тое, што такая экспедыцыя адбудзецца ў хуткім часе. Бо на тэрыторыі парка я бачыў многа засохлых старых дрэў, з паламанымі галінамі, паваленых ветрам. Стары парк ніхто не ачышчае, не прыводзіць у парадак, тут няма сапраўднага гаспадара. А так хочацца, каб гэтыя векавыя дрэвы ўбачылі яшчэ і мае ўнукі, а можа нават і праўнукі. Я веру, што на маёй малой радзіме Стаўбцоўшчыне, з’явіцца яшчэ адзін помнік прыроды, за гэтымі дрэвамі будуць даглядаць сапраўдныя гаспадары. Сюды стануць наведвацца з экскурсіямі, каб убачыць веліч і магутнасць гэтых векавых дрэў, адпачыць у гэтым маляўнічым мястэчку.
Макарэвіч Мацвей, вучань 4 “Д” класа СШ №3 г. Стоўбцы