Таццяна Бірукова са Стоўбцаў — майстар роставых кветак

Соцыум

Кветкі – і прыгажосць, і вытанчанае зачараванне. Напэўна, таму мы стараемся імі ўпрыгожыць наша жыццё. Жывыя кветкі не даўгавечныя і не заўсёды зручныя, але можна ўпрыгожыць свой дом штучнымі кветкамі, якія не патрабуюць нашага клопату і ўвагі, а выглядаюць эстэтычна і натуральна. Вялікія штучныя кветкі – удалы прыклад дэкору інтэр’ера вашага дома, розных святаў – ад дзіцячых ранішнікаў да юбілеяў, вяселляў і фотасесій. Таццяна Бірукова, майстар-рамеснік, расказала пра сваё захапленне, любімыя кветкі і свяцільні.

Таццяне 27 гадоў, нарадзілася і жыве ў г. Стоўбцы. З мужам выхоўваюць сыночка 2 гадоў. Таццяна Бірукова з сям’і, дзе ёсць творчыя людзі.

— Мая цётка Людміла з’яўляецца вядомым мастаком. Менавіта яна заўсёды казала майму тату, што мне трэба вучыцца ў гэтым напрамку. Мабыць, таму мне заўсёды было цікава наведваць розныя гурткі ў школьныя гады. Гэта і саломапляценне, і бісерапляценне, і танцы, і вышыванне, і маляванне.

Але вучыцца Таццяна захацела зусім у іншым накірунку. Скончыла яна чыгуначны каледж у г. Мінску, прайшла практыку правадніка ў напрамку Мінск-Сімферопаль і зразумела, што гэта не яе. Вярнуўшыся ў г. Стоўбцы, пачала свой шлях у рэстаранным бізнесе. Шмат разоў аказвала паслугі па афармленні залы.

— Як вы зацікавіліся вырабам роставых кветак? Што паўплывала на ваш інтарэс?

— Калі прыйшоў час падрыхтоўкі дзіцячага свята для майго сыночка Роберта, я адкрыла для сябе такі матэрыял, як гафрыраваная папера. Тады ўпершыню, год назад, доўгімі праглядамі майстар-класаў у інтэрнэце я вырабіла для ўпрыгожвання залы і фотазоны 13 роставых кветак. Усе госці былі ў захапленні! Пасля дня нараджэння сына многія сталі цікавіцца арэндай маіх кветак. А мне патрэбен быў досвед і практыка ў вырабе новых мадэляў. Зрабіўшы шмат варыянтаў кветак, мне хацелася, каб яны не проста ў мяне былі дома, а радавалі яшчэ кагосьці. І тады напярэдадні 8 Сакавіка падарыла іх сваёй хрэсніцы, і кветкі ўпрыгожылі ранішнік у дзіцячым садзе № 7.

Было вельмі прыемна знаходзіць фатаграфіі дзетак з бацькамі на фоне маіх кветак. Так што натхняльнікам маіх першых работ стаў сын. Але зразумеўшы, што кветкі з гафрыраванай паперы з часам губляюць сваю прыгажосць, я стала цікавіцца, з чаго робяць яшчэ роставыя кветкі. І зноў жа, вывучаючы прасторы інтэрнэту, я адкрыла для сябе такі матэрыял, як ізалон!

— Што гэта за матэрыял?

— Ізалон — гэта гіпаалергенны, бяспечны для дзяцей матэрыял, які не баіцца прамых сонечных прамянёў, вільгаці. Кветкі з яго можна мыць прахалоднай вадой, абвяваць халодным паветрам фена.

Першай маёй кветкай з гэтага матэрыялу была белая ружа, дыяметрам 55 см. Але мне захацелася, каб яна свяцілася. І тады на дапамогу прыйшоў мой муж, які разам са мной глядзеў майстар-класы, відэа па электрыцы ў колерах. У першую чаргу мы думалі аб бяспечным выкарыстанні свяцільні. Усе мае першыя вырабы праходзілі тэставы рэжым па ўсіх маіх сябрах і сваяках. Я свяцільні проста дарыла!

Паказваючы працы ў інтэрнэце на сваёй асабістай старонцы, Таццяне пачалі задаваць пытанні з нагоды кошту. Яна падумала: а чаму б, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, не паспрабаваць зрабіць сваё захапленне яшчэ і прыбыткам у сям’ю? Доўга думала і разважала, ці атрымаецца што з гэтага, ці зразумеюць людзі, як афіцыйна ўсім гэтым займацца? Яна звярнулася ў падатковую інспекцыю г. Стоўбцы, там ўсё падрабязна расказалі, аформілі яе як рамесніка.

— Пасля аплаты падатку я пачала выстаўляць свае работы ў інтэрнэце для продажу ў розных групах. Людзям стала цікава. Першы мой заказ я вырабіла для дзяўчыны ў падарунак для мамы. Гэта была свяцільня-ружа 140 см вышынёй, дыяметрам 55 см. І пасля гэтага заказа я зразумела, што мая любімая справа можа прыносіць нядрэнны даход!

— Як вы лічыце, што важней у гэтай працы: талент і фантазія ці падрыхтоўка, добрая школа, веданне работы?

— Для мяне ў маёй працы важна тое, што гэта мне прыносіць задавальненне! Я зразумела, што можна навучыцца і развівацца ў любімай справе. Наведваю майстар-класы, набываю онлайн майстар-класы і заўсёды хочацца вырабіць нешта новае. Укладваю душу і фантазію ў кожную сваю работу.

На кожную кветку ў Таццяны ёсць пэўная схема яе стварэння. Гэта і памеры, і наданне формы кожнаму пялёстку, яго таніроўка, зборка.

Шмат кліентаў да яе прыйшлі пасля першай выставы ў ратушы г. Нясвіжа. Гэта была доўгая і карпатлівая падрыхтоўка, каб прадставіць работы. Фотазона для рэкламы, буклеты, візітоўкі, фота ў інтэрнэце, штодзённае дабаўленне новых сяброў — усё гэта дадае Таццяне новых кліентаў!

— Ці ёсць у вас любімыя кветкі ці спалучэнні колераў?

— Вядома! Якая ж дзяўчына не любіць кветкі! Нягледзячы на тое, што большасць маіх заказаў складаюць ружы, я іх не люблю. Мне па душы палявыя кветкі, архідэя, сланечнік, гартэнзія.

Акрамя роставых кветак, Таццяна робіць яшчэ свяцільні з ізалона. Яна можа стварацца ад 5 гадзін да тыдня! І ў многіх узнікае пытанне: дзе ж Таццяна знаходзіць час? Вядома, у дзённы час яна цалкам прысвячае сябе сям’і, сыну. І тварыць ёй застаецца тады, калі ўсе спяць. У асноўным гэта вячэрні і начны час.

— Якую параду і пажаданне вы можаце даць тым, хто хоча працаваць у гэтай сферы?

— Магу сказаць, што ў стварэнні нечага прыгожага і незвычайнага трэба бачыць не даход і прыбытак, а жаданне і цікавасць!

Гутарыла Марына КУТАС, фота Таццяны Біруковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *