Камін прыгожы і бяспечны

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

У мэтах пажарнай бяспекі зацверджаны асноўныя патрабаванні да ўстройвання камінаў.

Камін –  нецеплаёмістая печ, якая ўяўляе сабою топліўнік, агароджаны сценкамі, прынцып дзеяння якой заснаваны на аддачы цяпла  палівам, якое гарыць,  і разагрэтымі сценкамі ў памяшканне, у якім гэтая печ устаноўлена.

Каміны дапускаецца ўстройваць у будынках гасцініц, кемпінгаў, матэляў, клубаў, а таксама ў адміністрацыйных будынках з колькасцю паверхаў не больш за тры.

Канструкцыі камінаў і дымавых каналаў павінны забяспечваць свабодны доступ для ачысткі топліўніка, дымавога карніза і каналаў ад попелу і адкладанняў сажы. Падлогу топліўніка або каласніковую рашотку каміна, які працуе на цвёрдым паліве, варта размяшчаць не менш чым на 20 мм ніжэй узроўню топачнага праёму. Канструкцыя попельніку павінна папярэджваць выпадзенне гарачых часцінак паліва або попелу праз адтуліну падводу паветра для гарэння.

Перад топліўнікам каміна, які працуе на цвёрдым паліве, падлогу з гаручых матэрыялаў неабходна абараняць перадтопачным лістом з негаручых матэрыялаў або цагляным (керамічным) насцілам. Пры гэтым памер згаданага ліста (насцілу) павінен адпавядаць наступным умовам: бок ліста (насцілу), накіраваны ад каміна ў памяшканне, павінен быць не меншы за 0,7 м, а бок ліста (насцілу), накіраваны ўздоўж каміна, павінен выступаць за габарыты топліўніка не менш чым на 0,1 м з кожнага  боку. Адлегласць ад топачнага праёма да супрацьлеглай сцяны павінна быць не менш за 1250 мм.

Топачны праём каміна варта закрываць металічным сеткаватым экранам, шкляной тэрмаўстойлівай шторкай або топачнай дзверцай з забеспячэннем паступлення паветра ў топліўнік.

Кожны камін павінен мець адасоблены дымавы канал. Дымавыя каналы камінаў, якія працуюць на цвёрдым паліве, варта ўстройваць вертыкальнымі, з наступнымі патрабаваннямі. Так, дымавыя трубы неабходна праекціраваць вертыкальнымі і без уступаў, з глінянай цэглы са сценкамі таўшчынёю не менш за 120 мм, пры гэтым прадугледжваць у іх асновах кішэні глыбінёю 250 мм з адтулінамі для ачысткі, закладзенымі цэглай на рабро на гліняным растворы, або з дзверцамі. Выкарыстанне для ўстройвання труб гарачатрывалага бетону павінна быць тэхнічна абгрунтавана. Дапускаецца адхіленне труб пад вуглом да 300 С да вертыкалі з адносам іх не больш за  метр. Нахіленыя ўчасткі павінны быць гладкімі, пастаяннага сячэння плошчай не меншай за плошчу папярэчнага сячэння вертыкальных участкаў.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з патрабаваннямі да ўстройвання камінаў, можна звяртацца ў інспекцыю нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (тэл. 5-92-66).       

 

НА ФОНЕ ПАЖАРНАЙ ЧАСЦІ

На базе аварыйна-выратавальнай часці горада Стоўбцы прайшла сустрэча інспектараў са старшакласнікамі школ горада.

У нашым раёне акурат працягваецца пажарна-прафілактычная акцыя ў жыллёвым фондзе, таму асаблівая ўвага нададзена актывізацыі работы з падрастаючым пакаленнем – дасведчаныя школьнікі могуць і дома штосьці падказаць бацькам.

Рабятам паказалі спецтэхніку, прадэманстравалі магчымасці пажарна-тэхнічнага ўзбраення і інструменту і далі адчуць пульс пажарнай службы ў цэнтры аператыўнага кіравання, дзяжурны якога першым даведваецца пра ўсе пажары і іншыя надзвычайныя здарэнні на тэрыторыі раёна. У інспекцыі нагляду і прафілактыкі ім былі паказаны відэафільмы пра будні выратавальнікаў-пажарных і ролікі, прызваныя навучыць бяспечнаму абыходжанню з агнём.

У вучэбным класе – пасля своеасаблівых заняткаў-экскурсіі – нашых наведвальнікаў чакаў… салодкі стол. Рабяты фатаграфаваліся на фоне пажарнай часці і тэхнікі.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *