У Стоўбцах здалі ў эксплуатацыю 60-кватэрны дом

Главное Эканомiка

Чарговая новабудоўля для стаўбчан

Напярэдадні 7 лістапада на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах адбылася знамянальная падзея: здадзены ў эксплуатацыю 60-кватэрны дом.

Новая шматпавярхоўка ўзведзена па сучасных тэхналогіях будаўнікамі ПМК-233. Гатоўнасць аб’екта пацвярджаюць заключэнні ўсіх службаў, у тым ліку УП «УКБ Стаўбцоўскага раёна», якое ажыццяўляла тэхнагляд за будаўніцтвам.

Вядома, што ў новым доме палепшаць свае жыллёвыя ўмовы 43 шматдзетныя сям’і раёна – для іх пабудавана 46 кватэр.

Будучыя жыльцы ўжо пабывалі ў сваіх кватэрах. Заўваг паступіла нямнога, і яны, як правіла, нязначныя – датычаць рэгуліроўкі акон і інш. Затое людзей перапаўняюць эмоцыі.

Сям’я Каратышоў будзе жыць у гэтым доме

Маладая сям’я Максіма і Аксаны Каратышоў прыехала на агляд кватэры ў поўным саставе, разам з сынам Цімурам, і для ўсіх траіх, прызнаюцца, гэта самая доўгачаканая сумесная паездка. Аляксандр Татарыцкі, бацька чацвярых дзяцей, больш стрыманы ў эмоцыях, аднак выказваецца з удзячнасцю – за дзяржаўную падтрымку ў будаўніцтве жылля і ў цэлым за пастаяннае пашырэнне ў родным горадзе шматпавярховага мікрараёна. Дзмітрый Бярвенскі пакуль яшчэ не да канца асэнсаваў, што яго сям’я нарэшце прыдбала, як у народзе кажуць, свой вугал і зможа пераехаць ад бацькоў, быць самастойнай. А радасці Аляксандра Пражэніка няма межаў: у іх маладой сям’і сёлета, 19 лютага, нарадзілася дачушка, другое дзіця, і вось цяпер, пасля папаўнення, – такі падарунак у выглядзе ўласнай кватэры. Зрэшты, няхай і ў іншых стаўбцоўскіх сем’ях больш нараджаецца дзяцей, а дзяржава не застанецца ў даўгу.

На працягу 2020 года, як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, у Стоўбцах запланавана ўзвесці два шматкватэрныя дамы, на 70 і 100 кватэр (абодва праекты цяпер праходзяць экспертызу). У іх 35 і 65 кватэр адпаведна будуць прызначаны для шматдзетных сем’яў.

Нагадаем, што кіраўніком краіны пастаўлена задача першачарговага забеспячэння жыллём шматдзетных сем’яў да 2020 года. Вызначана, што пасля 2020 года шматдзетныя сем’і будуць знаходзіцца на чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў не больш за год. У сувязі з акрэсленымі патрабаваннямі пытанні жыллёвага будаўніцтва былі разгледжаны на ўзроўні ўрада краіны, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

На Стаўбцоўшчыне па стане на 1 кастрычніка 2019 года знаходзіліся на чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў 211 шматдзетных сем’яў (124 – у горадзе і 87 – у сельскай мясцовасці). Пасля атрымання ключоў ад кватэр у доме па вуліцы Ленінскай райцэнтра гэты спіс паспяхова пакінуць 43 сям’і (сярод іх ёсць і тыя, якія пражываюць у сельскай мясцовасці). У цэлым у 2019 годзе фактычна палепшаць свае жыллёвыя ўмовы 57 шматдзетных сем’яў замест запланаваных 52. Яшчэ 70 шматдзетных сем’яў раёна выказалі жаданне пабудаваць уласны дом, таму ім, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240, выдзелены зямельныя ўчасткі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *