Гавораць жыхары раёна: «Радуе, што вырашаюцца праблемы»

Соцыум

Ірына САРАЧЫНСКАЯ, аграгарадок Заямнае

– Нарэшце нашай сям’і пашчасціла вырашыць жыллёвую праблему. Для нас пабудавалі па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах трохпакаёвую кватэру. Цяпер мы жывём у аднапакаёўцы (двое дарослых і чацвёра дзяцей, старэйшаму – дзевяць, малодшаму – чатыры гады), таму можаце ўявіць маштаб нашай радасці. Вельмі ўдзячныя ўсім – дзяржаве, раённым уладам, будаўнікам. Даволі доўга, з 2012 года, мы як шматдзетная сям’я стаялі на чарзе. Спрабавалі купіць дом. Нам таксама належаў ільготны крэдыт, але на гэтую пакупку патрэбны былі і ўласныя сродкі. Калі прапанавалі варыянт з кватэрай, прычым у горадзе, мы згадзіліся. Я толькі што агледзела нашу кватэру. Прасторная, каля 80 м2. Усё задавальняе, ніякіх заўваг. Радуе тое, што недалёка ад дома размешчаныя дзіцячы сад, школа.

Ядвіга ГАВАКА, г. Стоўбцы

– Прыемна, што ў кастрычніку ў двары нашага дома па вуліцы Энгельса, 1, у Стоўбцах была зроблена аўтастаянка. Яе падсыпалі асфальтагранулятам,  абазначылі  дарожным бортам. У наступным годзе, як паабяцалі раённыя ўлады, дойдзе чарга і да добраўпарадкавання тратуараў. Мы гэтага даўно дабіваліся. Апошнім разам звярнуліся ў райвыканкам, пабывалі на прыёме, і праблема пачала вырашацца. Старшыня райвыканкама Д. С. Колясень асабіста пабываў у нашым двары, унік у сітуацыю.  Аўтастаянка была зроблена вельмі хутка. Зразумела, яе для ўсіх не хапае (некаторыя сем’і маюць і па тры аўтамабілі), аднак гэта і пачатак добраўпарадкавання, і бяспека тых, хто тут пражывае. Спадзяёмся, што належную ўвагу атрымае і наш дом, якому 40 гадоў.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *