Біўся лебедзь у праталіне

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Па сіле, прыгажосці і велічнай постаці лебедзя даўно і справядліва называюць царом усёй вадаплаўнай птушкі. І мы заўсёды з цікавасцю назіраем, як грацыёзна плывуць яны па гладзі вадаёмаў. Аб лебядзінай вернасці складзены песні. А калі гэтай птушцы патрэбна дапамога, то нельга  прайсці міма.

Напрыканцы снежня ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя раздаўся тэлефонны званок. Патэфанавалі дарожнікі, заклапочаныя лёсам адзінокага лебедзя, які біўся ў праталіне на рацэ Вуса недалёка ад Мешычаў. Яны папрасілі выратаваць птушку. Начальнік раённай інспекцыі Аляксандр Сарока і галоўны ветурач раёна Анатоль Гусачонак без прамаруджвання выехалі на месца.

– Раку скаваў лёд, заставалася толькі невялікая праталінка, – расказвае Аляксандр Сарока. – Лебедзь пастаянна хлопаў крыламі, літаральна біўся аб лёд, як мы зразумелі, адратоўваючы для сябе гэты метр вады. Каб птушка не загінула, яе трэба было забіраць. Але, тым не менш, злавіць лебедзя было не так  проста.     Нам спатрэбілася на гэта не менш за паўгадзіны.

Спецыяльнага прытулку, куды можна было б змясціць птушку да вясны, у раёне няма. Але кожны год выручае, бярэ ў свой двор, так бы мовіць, на пастой, не толькі лебедзяў, а таксама буслоў, іншых птушак  Анатоль Гусачонак. Анатоль Іванавіч абследаваў лебедзя. Высветлілася, што ён поўнасцю здаровы.

– Чаму не паляцеў, адказаць адназначна не магу, магчыма маладой птушцы проста не хапіла сілы ўстаць на крыло, – сказаў Анатоль Іванавіч. – Усю зіму лебедзь пражыў у нас у хлеўчуку. Мы стараліся не прывучаць яго да рук, каб птушцы лягчэй было адаптавацца ў прыродзе.

Кармілі лебедзя і даглядалі ўсёй сям’ёй. Жонка Валянціна Мікалаеўна таксама ветурач, працуе ў гарадской ветлячэбніцы. Дапамагалі дачка і зяць. За чуласць і неабыякавасць да ўсяго жывога гэтыя людзі заслугоўваюць павагі.

Як толькі стала цёпла і растаў лёд на штучным вадаёме, што выкапаны ў двары Гусачонкаў, лебедзя выпусцілі на прастору. Ён падрос, набраўся сілы і літаральна поўны дзень кружыць па вадзе. І начуе на беражку. Аднак пакідаць двор пакуль не збіраецца.

–  Ён не зможа быць адзін, абавязкова будзе шукаць спадарожніцу, – гаворыць Анатоль Іванавіч. – Будзем чакаць, калі ён адважыцца паляцець. І калі спатрэбіцца, то па меры магчымасці дапаможам яму знайсці другую палавінку. Хоць і шкада развітвацца.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: галоўны ветурач раёна Анатоль Гусачонак са сваім гадаванцам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *