
Адной з першых прыйшла на выбарчы ўчастак ганаровы жыхар Стаўбцоўскага раёна, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Вольга Аляксееўна Луцык.

Нававескаўскі ўчастак для галасавання № 53 знаходзіцца акурат у будынку адміністрацыі ААТ “Вялікі Двор”, якую ўзначальвае Вольга Луцык. Напярэдадні выбараў гаспадаркай быў зроблены рамонт у памяшканні выбарчага ўчастка, закуплены дзве новыя кабіны для галасавання.
Настрой у Вольгі Луцык – як заўсёды пазітыўны, аптымістычны. Наконт сваёй грамадзянскай актыўнасці яна зазначае наступнае: “За 58 гадоў працоўнага стажа не прапусціла ніводныя выбары. Для мяне гэта магчымасць выказаць сваю пазіцыю, жыць у суладдзі з законам і з Богам”.

На ўчастку № 53 зарэгістравана 419 выбаршчыкаў. Каля 10 працэнтаў прагаласавалі датэрмінова ў першыя дні.
— Самыя адказныя грамадзяне спяшаюцца аддаць свой грамадзянскі доўг першымі. Увогуле выбары праходзяць у нас з традыцыйна высокай яўкай выбаршчыкаў – на ўзроўні 80 і больш працэнтаў, — удакладняе старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 53 Аляксандр Скулкоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара