На датэрміновае галасаванне выбаршчыкі ідуць актыўна, многія – разам з дзецьмі

Афіцыйна Выборы 2019 Главное

Участак для галасавання аснашчаны пандусам і даступны для ўсіх катэгорый выбаршчыкаў

На Заводскім участку для галасавання № 41 працягваецца датэрміновае галасаванне. Выбаршчыкі ідуць актыўна, многія – разам з дзецьмі.

Гэта маладзёжны ўчастак у Стоўбцах, дзе галасуюць пераважна маладыя сем’і, якія пражываюць па вуліцы Міру, а таксама ў інтэрнаце філіяла маторнага завода.

Свой выбар зрабіла Юлія Сініцкая, якая прыйшла на выбарчы ўчастак з сынам Яраславам

— У нас зарэгістравана 1905 выбаршчыкаў, з іх 51 будуць галасаваць упершыню. Для іх падрыхтаваны падарункі – бясплатныя абанементы на наведванне басейна, — зазначае намеснік старшыні камісіі Дзмітрый Свірыдзенка.

Члены камісіі працуюць па графіку, каб кожны выбаршчык мог прагаласаваць у зручны для сябе дзень. “Жадаючыя могуць падаць заяўку на надомнае галасаванне. Прычыну ўказваць не абавязкова”, — удакладняе член камісіі Рыта Пяткевіч.

Прыйшла прагаласаваць датэрмінова Вольга Грынчык

Для надомнага галасавання, як і для датэрміновага галасавання і для галасавання ў асноўны дзень, прадугледжаны асобныя ўрны.

Галасуе галоўны інжынер Стаўбцоўскага мякасансервавага камбіната Віктар Сергеевіч

На ўчастку – новая мэбля, набытая з дапамогай філіяла маторнага завода. Кабіны для галасавання былі выраблены на галаўным прадпрыемстве, мацаванні да іх выкананы на філіяле. Выдзелена месца для назіральнікаў.

— Галасуем за мір, стабільнасць у нашай краіне і нашых сем’ях, — падзялілася маладая мама Наталля Скобла.

Голас шматдзетнай матулі Наталлі Скобла – за мір

Гэта сям’я не так даўно папоўнілася трэцім дзіцем, стала шматдзетнай, і плануе набыць уласны дом. Пакуль яна жыве ў інтэрнаце філіяла маторнага завода, дзе ёй выдзелены цэлы блок.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *