Думка народа. Чаму я іду на выбары

Важное Выборы 2019 Соцыум

Актыўная перадвыбарная кампанія, якая разгарнулася ў нашай краіне, стварае асаблівую атмасферу ў грамадстве. Гэта адчуваецца і па настроі простых людзей, аб чым засведчыла бліц-апытанне па тэме «Чаму я іду на выбары».

Галіна СУПРЫНОВІЧ:

–       Як і многія людзі майго пакалення, да выбараў мы адносімся з пачуццём абавязку, для мяне гэта важна, нават не абмяркоўваецца. Як і кожны чалавек, я думаю і жадаю, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў заможнай краіне, каб яны маглі рэалізаваць сябе. Я не магу не выказаць і такія пажаданні: важна захоўваць мір і спакой у нашай краіне, гэта неадменная ўмова для таго, каб паспяхова развівацца. З вераю спадзяюся на добрыя, пазітыўныя перамены. І яны магчымыя ад выніковасці работы і беларускага парламента.

Ігар КУЛЬШЫНСКІ:

–       Я выканаю свой грамадзянскі абавязак, паўдзельнічаю ў парламенцкіх выбарах. Перадвыбарная кампанія дала магчымасць пазнаёміцца з кандыдатамі, іх праграмамі. Як і любы чалавек, я чакаю ад новага складу парламента прадуманых, узважаных рашэнняў, тых заканадаўчых актаў, якія ўмацуюць дабрабыт нашай краіны, а  значыць – і дабрабыт кожнай сям’і, кожнага канкрэтнага чалавека.  Хацелася б, каб гэта праявілася ў павышэнні заработнай платы, стабілізацыі эканомікі, пазітыўных змяненнях у сацыяльнай сферы.

Святлана ШУЦЬКО:

–       Ні ў аднаго чалавека з правільнымі адносінамі да сваіх абавязкаў як грамадзяніна сваёй краіны не можа нават узнікаць пытанне, ісці ці не ісці на выбары. Мы абавязаны падпарадкоўвацца законам сваё краіны і, як патрыёты, не быць абыякавымі да яе жыцця. Аднак і кандыдаты ў дэпутаты таксама павінны мець вялікую адказнасць за сваю пазіцыю. Народ чакае ад іх не пасіўнасці, а актыўнасці, каб выбаршчыкі маглі з удзячнасцю прыгадаць прыклады, што дэпутат парламента дапамог вырашыць тое ці іншае надзённае пытанне. Дай Бог нам выбраць такога дэпутата.

Марыя КАПУСТА:

–       Для нашай сям’і выбары – гэта асаблівы дзень з прыўзнятым настроем, хоць я асабіста прызвычаілася галасаваць датэрмінова. Мне зручна, ідучы з работы, зайсці па дарозе на выбарчы ўчастак, які месціцца ў дзіцячым садзе № 7 г. Стоўбцы, і прагаласаваць. Выхадныя дні ў нас заняты наведваннем бацькоў. На гэтых парламенцкіх выбарах я ўпэўнена вызначылася, за якога кандыдата аддам свой голас. Такая ўпэўненасць дае мне надзею думаць, што, калі гэты чалавек стане дэпутатам, ён прыкладзе ўсе свае сілы, каб працаваць сумленна, актыўна, смела праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю і заслужыць павагу і ўдзячнасць выбаршчыкаў. Выбіраючы яго, я чакаю менавіта гэтага і спадзяюся не быць расчараванай.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *