Маладая сям’я Каспяровічаў прагаласавала адна з першых

Важное Выборы 2019 Соцыум

Маладая сям’я Каспяровічаў вырашыла прагаласаць адна з першых. У Яўгенія Мікалаевіча якраз свабодны ад працы на прадпрыемстве «Фрэор Рэфрыгерайшн» час. А Аліна Іванаўна ўжо трэці месяц у дэкрэтным адпачынку, даглядае слаўненькага хлопчыка. І маленькі Багдан хораша ўсміхнуўся, маўляў, пойдзем разам, мама і тата.

За каго галасаваць, вырашылі, калі азнаёміліся з праграмамі кандыдатаў. За таго, чые намеры прадуманыя, хто разумее, як іх ажыццявіць. Аліна і Яўгеній – стаўбчане, іх радуе, як пахарашэў родны горад, стаў больш зручным для жыцця. А што яшчэ хацелася б? Думкі, вядома, і аб будучым свайго першынца, а гады маладыя, можа, яшчэ члены сям’і з’явяцца. Прыгожы дзіцячы садок з басейнам, абсталяванымі пакоямі для гульняў, заняткаў, адпачынку ад іх дома зусім блізка. Пажадана мець у горадзе належны забаўляльны цэнтр. Па будаўніцтве новай школы планы павінны ажыццявіцца. А ў асабістым, сямейным, плане, хоць і кватэра ўтульная, хацелася б у далейшым атрымаць зямельны ўчастак для індывідуальнага будаўніцтва.

Адным словам, няхай усё добрае здзейсніцца. Галоўнае ж, каб былі мір, дабрабыт у сем’ях. Народныя выбраннікі і закліканы настойліва працаваць дзеля гэтага.

З такой думкай і ажыццявіла маладая сям’я свой грамадзянскі абавязак пры галасаванні на Магістральным выбарчым участку № 40.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *