Рэпартаж з Навасвержанскага ўчастка для галасавання № 50

Афіцыйна Важное Выборы 2019

На працягу дня выбаршчыкі ідуць на выбарчы ўчастак
Выбаршчыкаў сустракае народны хор “Панямонь”

Сёння з самай раніцы на Навасвержанскі ўчастак для галасавання № 50 актыўна ідуць выбаршчыкі. Іх вітаюць удзельнікі народнага хора “Панямонь” і харэаграфічны калектыў “Зараначка” Навасвержанскай сярэдняй школы.

Шматдзетная мама Вольга Баўдзей прыйшла на выбарчы ўчастак разам з дачкой Эльвірай

Непасрэдна ў фае самадзейныя калектывы, змяняючы адзін аднаго, імкнуцца стварыць святочны настрой і ім, відавочна, гэта ўдаецца. Ля іх затрымліваюцца і тыя, хто ідзе галасаваць, і тыя, хто ўжо выканаў свой грамадзянскі доўг. Артыстам падпяваюць і патрымліваюць іх апладысментамі. Асаблівую сімпатыю выклікаюць дзеці, ад танцавальнай энергіі якіх ногі ідуць у скокі і ў дарослых.

Вопытная медсястра Навасвержанскай амбулаторыі Аксана Бохан непасрэдна на ўчастку змерае ціск і дасць слушную параду
Ідзе працэс галасавання

У актавай зале працуе выбарчая камісія.

— З улікам датэрміновага галасавання ўжо прагаласавалі больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў. Працэс галасавання праходзіць у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам. Працуюць наглядальнікі ад раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, прафсаюзаў работнікаў АПК і ФПБ, раённай арганізацыі БРСМ, — зазначае старшыня ўчастковай камісіі Алена Тапеха.

Старэйшаая ўдзельніца народнага хора “Панямонь” Таццяна Дзярнейка ў перапынку паміж выступленнямі аддала свой голас за дастойнага кандыдата

На Навасвержанскім выбарчым участку зарэгістравана 1413 выбаршчыкаў. 70 чалавек зрабілі заяўкі на надомнае галасаванне. “У асноўным гэта людзі пенсійнага ўзросту. Да іх ужо выехалі члены камісіі. Заяўку на галасаванне на даму можна падаць і на працягу дня”, — удакладняе старшыня.

Калектыў “Зараначка” заварожваў не толькі танцамі, але і прыгожымі касцюмамі
Вішнявецкі комплексны прыёмны пункт прапануе зрабіць пакупкі для дзяцей і дарослых

Транспарт для выезду да выбаршчыкаў на дом прадаставілі мясцовыя прадпрыемствы – райаграсэрвіс і лесазавод. Адметна і тое, што да гэтых выбараў будынак Навасвержанскага сельвыканкама, у якім месціцца выбарчы ўчастак, аснашчаны пандусам.

Першыя выбары студэнткі другога курса прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Вольгі Сурновіч

Тым не менш, многія пажылыя людзі з’явілі жаданне асабіста прыйсці на ўчастак. Да прыкладу, аднымі з першых наведвальнікаў былі Эдуард і Феаксіння Калкоўскія. “Для нас выбары – гэта свята”, — сказалі муж і жонка. Прыкладна так жа разважаюць і старэйшыя жыхары Новага Свержаня Яўген Баўдзей, Ніна Бондарава, Марыя Сазурава, якіх мы сустрэлі на ўчастку.

Школьнікі дораць выбаршчыкам святочны настрой

Адметнасцю гэтых выбараў з’яўляецца тое, што на ўчастку 17 выбаршчыкаў галасуюць упершыню і пяць выбаршчыкаў менавіта сёння, 17 лістапада, адзначаюць свой дзень нараджэння. Першым старшыня камісіі ўручае падарункавыя сертыфікаты на бясплатнае наведванне басейна або трэнажорнай залы ў ФАКу, другім — памятныя кружкі з надпісам – “Твой дзень – твой выбар”.

Падарунак для імянінніка — кружку з памятным надпісам — дэманструе старшыня камісіі Алена Тапеха
Працуе выбарчая камісія

У жадаючых ёсць магчымасць зрабіць на ўчастку пакупкі. Працуе Вішнявецкі комплексны прыёмны пункт. “Прапануем трыкатаж фабрыкі “Світанак” для дзяцей і дарослых, пасцельную бялізну, пледы, падушкі”, — пералічвае асартымент Алена Урбан.

Муж і жонка Сяргей і Таццяна Мураўёвы прыйшлі на ўчастак з дачкой Ганнай, а іх сын Радзівон выступае ў складзе калектыву “Зараначка”
Аддаць свой голас прыйшла на ўчастак шаноўная Марыя Сазурава

Галасаванне на ўчастку працягваецца, як і святочная праграма для выбаршчыкаў.

Танцуе харэаграфічны калектыў “Зараначка” Навасвержанскай сярэдняй школы (кіраўнік – Святлана Лапкоўская

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *