Па выніках першага квартала

Нумары У райвыканкаме

На пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал 2014 года. Заслухана і абмеркавана інфармацыя намесніка старшыні райвыканкама І. Б. Пашкевіч.

Як жа выконваліся прагнозныя паказчыкі? Лічбы – аб’ектыўная рэч і  сведчаць наступнае. Аб’ём прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах за студзень – сакавік склаў 58819 мільёнаў рублёў, ці 98,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Чаму ж не дацягнулі? Найперш таму, што адбылося зніжэнне паказчыкаў у вядучых прамысловых прадпрыемствах «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы і Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». У працэнтных адносінах іх адставанне пазначана наступным чынам: адпаведна 93,6 і 64,2 працэнта да леташняга ўзроўню. На ААТ «Торфабрыкетны завод «Нёман» паказчык выканання склаў 82 працэнты, АСП «Рамонтна-механічныя майстэрні станцыі «Стоўбцы» – 90,0, ААТ «Стаўбцоўскі цагельны завод» – 75,7 працэнта.

А як з рэалізацыяй? Запасаў гатовай прадукцыі на 1 красавіка г. г.   арганізацыі мелі  на суму 17838 мільёнаў рублёў, ці 91 працэнт да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў фактычных цэнах. У тым ліку арганізацыі раённага падпарадкавання і без ведамаснага падпарадкавання мелі ў запасе прадукцыі на 2514 мільёнаў рублёў, ці 44,7% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Некаторыя прадпрыемствы знізілі паказчыкі па выручцы на аднаго сярэдняспісачнага работніка.

Сёння аб’ектыўную характарыстыку прадпрыемству дае яго знешнеэканамічная дзейнасць. У цэлым валютны абарот па раёне за студзень – люты 2014 г. склаў 13 мільёнаў долараў, гэта 88,8 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. У тым ліку экспарт тавараў – 10,5 мільёна долараў, ці 86,4 працэнта. На агульнае зніжэнне тэмпаў росту экспарту тавараў значны ўплыў аказала змяншэнне аб’ёмаў адгрузкі прадукцыі ААТ «Мінскі мясакамбінат».

Эканоміка нашага раёна ў значнай ступені скіравана на сельскагаспадарчую вытворчасць. Таму вельмі важна тое, як спрацуюць гаспадаркі. Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за першы квартал 2014 года склаў 106,9 мільярда рублёў, што на 13,4 працэнта, ці на 16,6 мільярда рублёў менш, чым за адпаведны перыяд 2013 г. Недаатрымана валавой прадукцыі да задання на 10,4 мільярда рублёў.

Заданне па росце валавой прадукцыі выканалі ААТ «Вялікі Двор», «Рочавічы», «Дзераўное», «Шашкі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», СЗАТ «Агракамбінат «Колас». Астатнія гаспадаркі не дасягнулі ўзроўню мінулага года.

Валавы надой малака па грамадскім сектары за першы квартал года склаў 17960 тон. Гэта на 520 тон менш, чым за адпаведны перыяд летась. Надой малака ад каровы склаў па раёне 1855 кілаграмаў, на 65 кг менш, чым за першы квартал 2013 года.

З мінусам і мясная жывёлагадоўля. Вытворчасць жывёлы і птушкі ў першым квартале склала 3447,8 тоны, на 19,6 працэнта менш, чым за за такі ж перыяд летась. На 45 грамаў зменшаны і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы.

Зразумела, справу неабходна папраўляць, трымацца на ўзроўні дасягнутых раней эканамічных паказчыкаў. Нездарма выручка ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчых арганізацый у цэлым па раёне за тры месяцы года склала 126,5 мільярда рублёў. Ад гаспадарчай дзейнасці атрыманы балансавы прыбытак у суме 23,3 мільярда рублёў, прыбытак ад рэалізацыі склаў 19,8 мільярда рублёў. Рэнтабельнасць у цэлым склала плюс 21,8 працэнта, у тым ліку рэнтабельнасць продажу – плюс 14,2 працэнта. Сярэднямесячная заработная плата па сельскагаспадарчых арганізацыях за першы квартал склала 4317 тысяч рублёў, вырасла ў 1,2 раза да адпаведнага перыяду мінулага года.

Стабільна працуюць гаспадаркі, дзе трывалая дысцыпліна, высокая адказнасць кожнага за даручаную справу. І тут вялікая роля кіраўнікоў. А калі расхлябанасць… Старшыня райвыканкама У. Т. Місько ў сваім выступленні жорстка паставіў пытанне аб асабістай адказнасці кіраўнікоў. У рашэнні райвыканкама ўказана на недастатковую работу кіраўнікам ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Вішнявецкі», «Жацерава». А таксама – некаторых прамысловых прадпрыемстваў, ААТ «Стаўбцоўскі РКБА».

Кіраўнікам арганізацый раёна ўсіх формаў уласнасці належыць забяспечыць рост рэнтабельнасці, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, зніжэнне дэбіторскай запазычанасці, рост экспарту, змяншэнне складскіх запасаў.  А таксама прыняць меры па аптымізацыі затрат на вытворчасць прадукцыі, у тым ліку за кошт жорсткай эканоміі рэсурсаў, скарачэння невытворчых расходаў. Неабходна накіроўваць дзейнасць арганізацый на мадэрнізацыю эканамічных асноў вядзення гаспадаркі, што дазволіць павысіць эфектыўнасць іх дзейнасці. Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый трэба забяспечыць штомесячнае выкананне прагнозных паказчыкаў па росце валавой прадукцыі, рэнтабельнасці продажу і энергазберажэнні.

Прагнозныя паказчыкі безумоўна павінны быць забяспечаны. Кантроль і патрабаванне тут будуць жорсткімі.

 

НАДОМНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ – БЯСПЛАТНА

Райвыканкам сваім рашэннем узаконіў такую льготу для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у райцэнтры і на тэрыторыі нашага раёна. З 1 мая яны вызваляюцца ад платы за надомнае абслугоўванне, якое аказваюць сацыяльныя работнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На надомным абслугоўванні ў гэтай катэгорыі  14 чалавек – франтавікі, працаўнікі тылу. Такая льгота ў ліку іншых знакаў увагі ветэранам дапамагае ім  у гэты юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *