Нястомным аграрыям шчырае дзякуй за плённую працу

Важное Сельская гаспадарка

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Аб здабытках гэтых галін вытворчасці прадукцыі расказвае старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень.

– Дзяніс Сяргеевіч, як вы ацэньваеце вынікі работы раслінаводчай галіны гаспадарак раёна сёлета?

– Хачу адзначыць, што гэты год для аграрыяў Стаўбцоўшчыны выдаўся намнога лепшым за папярэдні. Кліматычныя ўмовы былі больш спрыяльнымі, і ў спалучэнні з прымененымі тэхналогіямі ўдалося атрымаць станоўчы вынік. Маем збожжа на 70 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Намалочана 67,5 тысячы тон – гэта мінімальная колькасць, якая неабходна для таго, каб мець неблагія вынікі ў жывёлагадоўчай галіне і справіцца з дзяржзаказам. З кожнага гектара па раёне атрыманы 31 цэнтнер збожжа. Аднак шэраг гаспадарак паказалі, як і ў мінулыя гады, дастаткова высокі ўзровень. У ААТ «Вялікі Двор» (дырэктар – Вольга Луцык) намалочана 52,6 цэнтнера на круг, у ААТ «Жацерава» (дырэктар – Аляксандр Дударэвіч) – 43,4 цэнтнера, у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (дырэктар – Ігар Дзішук) – 38 цэнтнераў. Сёлета значна палепшыўся паказчык па вытворчасці збожжа ў ААТ «Налібакі Агра» (дырэктар – Віталій Кушнер) – 35,9 цэнтнера. Зразумела, вынік не самы высокі, але, улічваючы наяўны бал глебы, дасягнуты значны поспех. У вытворчасці збожжа аграрыям раёна ёсць над чым працаваць. І прыклад таму – 2015 год, калі быў атрыманы рэкордны паказчык: валавы збор дасягнуў 104 тысяч тон пры ўраджайнасці 42 цэнтнеры з гектара. І да такога выніку трэба імкнуцца ў наступным годзе. Дзеля гэтага ёсць усе магчымасці.

У вытворчасці рапсу бягучы год стаў адным з лепшых за апошнія дзесяцігоддзі. Намалочана восем тысяч тон масланасення пры сярэднераённай ураджайнасці 23 цэнтнеры з гектара. Мінулагодні вынік перакрыты больш чым у два разы. І гэта не мяжа. У ААТ «Вялікі Двор» сабрана на круг 44 цэнтнеры, у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – 38 цэнтнераў, у ААТ «Жацерава» – 33 цэнтнеры.

У кормавытворчасці адчуваецца плён старання. Гаспадаркі поўнасцю забяспечаны травянымі кармамі. І хоць па вытворчасці сенажу спрацавалі з меншай дынамікай (закладзена 126 тысяч тон), але спад быў прадказальным, бо правялі перазалужэнне траў на немалых плошчах. Каб кампенсаваць недабор, стаўку зрабілі на кукурузу. Пасеялі 9,5 тысячы гектараў данай кармавой культуры. Па аб’еме сабранай зялёнай масы занялі чацвёртае месца ў вобласці – саступілі толькі Мінскаму, Дзяржынскаму і Нясвіжскаму раёнам. Ураджайнасць склала 287 цэнтнераў на круг пры сярэднеабласной 256 цэнтнераў. Закладзена 200 тысяч тон сіласу пры заданні 165 тысяч тон. Па намалотах зерня кукурузы занялі трэцяе месца ў вобласці.

Атрыманы даволі добры ўраджай бульбы, яна займае немалы аб’ём у вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Найбольшыя пасадачныя плошчы ў ТАА «Аграцэнтр Сула» і СФГ «Сула», якія паказалі ў гэтай справе сваё прафесійнае майстэрства і зрабілі наш раён бульбяной старонкай. З кожнага гектара накапана 343 цэнтнеры бульбы. Прадукцыя прыватнікаў якасная, наладжана яе дапрацоўка і ўпакоўка. Сабрана ўсяго па раёне звыш 57 тысяч тон клубняў – гэта найбольшы валавы збор у Мінскай вобласці.

Вынікі па ўраджайнасці цукровых буракоў падводзіць пакуль што ранавата, бо не ўсе яны яшчэ звезены з палеткаў на перапрацоўчы завод. Але паказчык чакаецца на 150 цэнтнераў вышэйшым за мінулагодні. Больш ёмістым будзе і валавы збор, прыкладна на 20 працэнтаў.

У раслінаводстве маем тэмп росту валавой прадукцыі, ён складае 120 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.

– У жывёлагадоўчай галіне, якая па-ранейшаму вызначаецца стабільнасцю работы, таксама ёсць плён старання. З якімі паказчыкамі завяршаюць год жывёлаводы?

– Улічваючы недабор фуражу ў мінулым годзе, была пэўная асцярога, што ў зімова-стойлавы перыяд адбудзецца спад вытворчасці малака і мяса. Аднак дзякуючы ўмелым дзеянням кіраўнікоў і шчырай працы падначаленых ім калектываў гэтага не адбылося. Больш таго, атрыманы прырост па надоях малака да адпаведнага ўзроўню мінулага года. За дзесяць месяцаў надоена 82 700 тон, ад каровы атрымана ў сярэднім 4873 кілаграмы, што на 188 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд летась. Па вытворчасці мяса гаспадаркі працуюць на ўзроўні леташніх паказчыкаў.

Лідарам раёна па вытворчасці малака з’яўляецца ТАА «СЖК «Налібакі». Няблага ідуць тут мясныя справы, павялічваюцца паказчыкі і ў раслінаводстве. Праца работнікаў таварыства, якое ўзначальвае Віталій Кушнер, – прыклад для другіх калектываў у дасягненні высокіх паказчыкаў.

Як у раслінаводчай, так і ў жывёлагадоўчай галінах, работнікі сельскай гаспадаркі раёна спрацавалі сёлета на ўзроўні. Перавыконваецца даведзенае рашэннем аблвыканкама заданне па тэмпе росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Мінімальны паказчык прагназуецца на ўзроўні 112 працэнтаў.

– Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў – у ліку важных напрамкаў работы для павелічэння вытворчасці прадукцыі. Што робіцца ў гэтым плане?

– Працягваецца будаўніцтва прафілакторыяў для камфортнага ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, узведзена дзесяць памяшканняў. Рэалізуецца праграма па будаўніцтве новых малочнатаварных комплексаў з убудаванымі даільнымі заламі. Такі пачаў функцыянаваць у ТАА «СЖК «Налібакі». У наступным годзе будуць рэалізаваны шэсць падобных праектаў. Праводзяцца рэканструкцыі і рамонты жывёлагадоўчых памяшканняў. Набываецца новая сучасная тэхніка, сур’ёзнае тэхнічнае пераўзбраенне адбылося ў ААТ «Рочавічы».

– Заўтра адзначаюць прафесійнае свята і работнікі перапрацоўчай прамысловасці.

– Калектывы гэтых прадпрыемстваў працуюць у цесным узаемадзеянні з аграрыямі і вырабляюць з пастаўленай вяскоўцамі сыравіны канкурэнтаздольную прадукцыю, якая запатрабавана не толькі на рынку Рэспублікі Беларусь, але і на сусветных рынках. У іх ліку – ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» (дырэктар – Рамуальда Бурдукевіч), якому нядаўна споўнілася 90 гадоў з дня заснавання. Па аб’ёмах вытворчасці прадукцыі камбінат у ліку першых. Гэта прадпрыемства з высокай рэпутацыяй, дзе вырабляецца якасная канкурэнтаздольная прадукцыя, якая карыстаецца попытам і з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай нашага раёна. Стабільна працуе калектыў Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», які выпускае запатрабаваную ў вытворцаў харчовай прамысловасці прадукцыю.

Паважаныя працаўнікі сельскагаспадарчай галіны і перапрацоўчай прамысловасці! Шчыра віншую ўсіх вас са святам. Работа сельскіх працаўнікоў – адна з самых складаных і адказных ва ўсім свеце, бо ад вашай плённай працы і прафесіяналізму залежаць харчовая бяспека краіны, развіццё прамысловасці і іншых напрамкаў эканамічнай дзейнасці. Дзякуй усім за нястомную працу, уменне і жаданне дасягаць высокіх паказчыкаў. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у справах на карысць нашай слаўнай Стаўбцоўшчыны.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *